Кілікія. Пірацкае шчасце



Калі прафесійныя злачынцы збіваюцца ў банду, яны маюць шанец займацца сваёй маласімпатычнай працай максімум колькі гадоў. Калі банды збіваюцца ў сіндыкат –  яго чальцы могуць падвышаць ровень уласнай заможнасці (і, адпаведна, падніжаць  дабрабыт ахвяраў) дзесяцігоддзямі.

Optimized-piraty_kilikii_01

А вось цэнтралізаванае аб’яднанне злачынных сіндыкатаў называецца “бандыцкая дзяржавай”. Такія дзяржавы не займаюцца вытворчасцю і гандлем, не інвестуюць ў навуку, і паэты чыстае красы наўрадці дачакаюцца ад іх шчырай і бескарыслівай дапамогі. Бандыцкія дзяржавы, бы тыя клапы, смокчуць кроў з усіх, хто трапляецца на вочы, а калі высмоктываюць дарэшты, шукаюць свежых ахвяраў.

Гісторыя ведае багата бандыцкіх дзяржаў: пірацкая рэспубліка Порт-Раяль, знішчаная магутным землятрусам напрыканцы ХVII стагоддзя, солнцаўская арганізаваная злачынная групоўка, якая наводзіла на Расею жах цягам дзевяностых, тыя ж ДНР з ЛНР… Аматары Андрэя Платонава напэўна прыгадаюць яшчэ і “Чевенгур” са знакамітым “род занятий: налёты на товарные поезда».

Ці не самая вядомая бандыцкая дзяржава дзве тысячы гадоў таму існавала  ў Малой Азіі. Антычныя аўтары называлі яе “Кілікійскім пірацкім царствам”. Кілікійскія піраты наводзілі шухер на ўсе народы Міжземнамор’я. Яны не толькі рабавалі тарговыя караблі і захоплівалі закладнікаў, якіх потым прадавалі за выкуп, але й нават бралі аблогаю добра ўмацаваныя фартэцыі. Непрацоўныя даходы дазвалялі піратам утрымліваць сучасны па тых часах флот, будаваць вайскова-марскія базы па ўсёй Кілікіі, а таксама карумпаваць чыноўнікаў з Рыма.

Але ж тыя хлопцы, пэўна, моцна пераацанілі ролю сваіх асобаў у антычнай гісторыі і пачалі масава рабаваць флатыліі з хлебам, што ішлі ў Італію з Егіпту. Перад Рымам у поўны рост паўстала перспектыва галодных бунтаў. Урэшце рэшт, Гней Пампей абвесціў кілікійцам вайну: за сорак дзён ён ачысціў Міжземнае мора ад марскіх бандытаў, высадзіўся на бераг, авалодаў усімі прыбярэжнымі фартэцыямі і разбурыў іх ушчэнт. Ацалелых піратаў Пампей прадаў у якасці рабоў на галеры і руднікі, дзе ўсе яны, нарэшце, спазналі шчасце працы.

1 Optimized-piraty_kilikii_03

З тых часоў на паўднёва-заходнім узбярэжжы Турэччыны засталіся гроты, дзе піраты хавалі нарабаванае, і руіны фартэцый, у якіх яны планавалі набегі на суседзяў. А далёкія нашчадкі ацалелых піратаў займаюцца цяпер пераважна прыватным рамізніцтвам: на кінематаграфічна прыгожых шхунах з “Вясёлым Роджэрам” катаюць па затоках шматлікіх турыстаў, расказваючы ім пра ранейшую веліч – маўляў, якую дзяржаву развалілі!

І хай кошты на тыя марскія прагулкі і падаюцца крыху завышанамі, але ж тут не зашкодзіць працытаваць яшчэ аднаго расейскага, прабачце, літаратурнага класіка: “ворюга мне милей, чем кровопийца».

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя