Кішынёў без пратэстаў



Апошнія тыдні ў Кішынёве пратэстуюць людзі, віруюць шматлікія версіі. Спачатку агульнанацыянальны пратэст супраць палітыкі ўраду, які досыць хутка „замарозіўся”. Потым іншыя пратэстоўцы, адразу ж абвінавачаныя ў сувязях з Крамлём.

OLYMPUS DIGITAL CAMERAМы ж хочам паказаць, як выглядае Кішынёў без „Майдану”. Усе фотаздымкі зробленыя за адзін дзень да таго, як на праспект Штэфана чэл Марэ (Стэфана Вялікага) сталі сотні намётаў.

Кішынёў быў заснаваны ў 1436 годзе. Версій паходжання яго назвы шмат, але найбольш папулярная – Chişla nouă (Новы Хутар). У самім горадзе цяпер пражывае 732 тысячы чалавек, а з прыгарадамі насельніцтва сталіцы Малдовы — звыш 800 тысяч. Прыхільнікам чыстых вуліц, якія лічаць гэта асноўнай вартасцю любога горада, у Кішынёве не спадабаецца. Затое спадабаецца тым беларусам, якія ў нас на Радзіме не раз станавіліся сведкамі руйнавання славутасцяў. У Кішынёве гістарычныя будынкі амаль не руйнуюць, хаця ў нядаўнім мінулым была пара інцыдэнтаў, звязаных з мясцовымі алігархамі, якія жадалі патаптацца на гісторыі. І тым не меней, нягледзячы на разваленыя ходнікі, у Кішынёве хочацца часцей узнімаць галаву — тут процьма неблагіх будынкаў, каштоўных у архітэктурным плане.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Заслугоўвае ўвагі, напрыклад, помнік Штэфану чэл Марэ, які паставілі ў горадзе ў 1928 годзе. Так на румынскай мове называюць караля Стэфана ІІІ Вялікага, аднаго з найвядомейшых правіцеляў Малдаўскага княства. Помнік у 1940 годзе пасля далучэння Бесарабіі да Румыніі быў перавезены ў горад Васлуй і пастаўлены перад царквой святога Іаана. Спрычыніўся да гэтага адзін з румынскіх генералаў, які быў фанатычным прыхільнікам Штэфана чэл Марэ. А п’едэстал работы Аляксандра Плэмэдзялэ ў Кішынёве быў узарваны. Праз два гады помнік быў вернуты ў Малдову, аднак праз тыя ж два гады румыны зноў забралі яго на сваю тэрыторыю. Ваеннае ліхалецце не шкадавала як людзей, так і помнікі, у 1945 годзе вучаніца Плэмэдзялэ скульптар Кобізева заўважыла помнік у румынскім лесапарку. Неўзабаве помнік другі раз вярнуўся ў Малдову і дагэтуль стаіць у Кішынёве.

Дарэчы, пра мову, — у Малдове, у прыватнасці ў Кішынёве, расейскую мову чуеш рэгулярна. Аднак шмат хто карыстаецца румынскай мовай, няма ніякіх праблем пачуць абедзьве на вуліцах горада. Шмат хто з жыхароў Кішынёва ў прыватных размовах прызнаецца, што хоча ўз’яднання Малдовы з Румыніяй. Адной з прычынаў кішынёўцы называюць „румынскі парадак” і невялікую прастору для хабару. У Малдове, прызнаюцца многія суразмоўцы, хабарніцтва квітнее. У той жа час на вуліцах раз-пораз можна заўважыць аўтамабілі з расейскімі сцяжкамі ў салоне і „каларадскімі” стужкамі на антэнах.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя