Косічы – крыніцы, у якіх адлюстроўваецца космас



Пра жыватворныя крыніцы ў Косічах я даведаўся зусім нядаўна. Мясцовасць на сумежжы Дзятлаўскага і Наваградскага раёнаў нічым асаблівым у нашай гісторыі непрыкметная. Але з нядаўняга часу сюды часта прыязджаюць людзі не толькі з Беларусі, але і з іншых краін, каб набраць вады з мясцовых крыніцаў. У грунтоўнай і цікавай працы “Жыватворныя крыніцы Беларусі”, выдадзенай у 2001-ым годзе, пра крыніцы ў Косічах нічога не сказана. Але колькі яшчэ прыродных таямніцаў хаваюць нетры нашай зямлі!

Нашым правадніком і спадарожнікам да косіцкіх крыніц стаў знаўца наваколляў Уладзімір Рудзеў, які паходзіць з бліжніх мясцінаў Дзятлаўшчыны. З Наваельні дарога да Косічаў вядзе праз Круцілавічы, Стараельню і далей у кірунку Валеўкі.

Адна з крыніцаў лічыцца з “мёртвай” вадой (яе трэба піць нанач на добры сон), іншая – з “жывой” (спажываецца з ранку). Мясціна сапраўды выглядае незвычайна – алешыны растуць у наваколлі надзвычай роўна і нагадваюць “палосныя” карціны Лёніка Тарасевіча, такіх дрэваў нідзе раней я не бачыў. Паблізу крыніцаў-“сёстраў” размяшчаецца хутар, а навакольная прырода спакваля ажывае пасля зімняга сезону, расцвітаюць пралескі. А ў самых крыніцах нібыта адлюстроўваецца космас.

Kosmas-1

Kosmas

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара