Крамяніца – старажытны храм і Крыжовая дарога



Мясцовасць Крамяніца ляжыць у 12 кіламетрах ад раённага цэнтру Зэльва крыху ўбаку ад асноўнай аўтамабільнай трасы. Падарожнік, які зверне з яе і трапіць у Крамяніцу, не расчаруецца, а будзе ўражаны хараством і дагледжанасцю мясціны. Даехаць сюды можна і чыгункай па лініі Ваўкавыск-Баранавічы, ад чыгуначнай станцыі Лябяды да Крамяніцы яшчэ 4 кіламетры.

Першая згадка пра Крамяніцу датычыць другой паловы 16 стагоддзя, тады гэта быў двор Рачковічаў. Род Юндзілаў-Рачковічаў валодаў мясцовасцю амаль тры стагоддзі. Гістарычна маёнтак падзяляўся на дзве часткі: уласна Крамяніца і Крамяніца Старая (пазней Крамяніца Горная і Крамяніца Дольная). У 1617 годзе ў Крамяніцы Дольнай віцебскі кашталян Мікалай Вольскі заснаваў мураваны касьцёл Сьвятога Юр’я. Менавіта гэты храм ёсць асноўнай візітоўкай Крамяніцы. Касцёл абкружаны бутавай агароджай, а да яго вядзе брукаванка. Перад касцёлам, бліжэй да вёскі стаіць старая званіца другой паловы 18 стагоддзя. А непасрэдна перад храмам брама з анёламі ўгары.

У першай палове 17 стагоддзя ў Крамяніцы існаваў кляштар канонікаў латэранскіх, заснаваны Мікалаем Вольскім і ягонай жонкай, сюды былі запрошаны манахі з Кракава. Пры кляштары дзеілі шпіталь, Ружанцовае брацтва, бібліятэка. Аднак пасля лістападаўскага паўстання 1830-31 гадоў і яго здушэння кляштар быў скасаваны. Касцёл стаў парафіяльным, а пасля вызвольнага чыну 1863 году расейскія ўлады яго ўвогуле зачынілі. Кляштарны комплекс разбурылі ў 1940-ыя гады ўжо саветы.

Сёння касцёл перажывае свой другі росквіт. Тэрыторыя надзвычай дагледжана і ўпарадкавана, наўкола створана адмысловая Крыжовая дарога з адпаведнай колькасцю станцый. Асяродак па сваёй разгалінаванасці і „інфраструктуры”  надзвычай відовішчны і саступае на Гарадзеншчыне, магчыма, толькі славутаму храму ў Гервятах. Шкада толькі, што парафіяльнае кіраўніцтва Крамяніцкага касцёлу абсалютна ігнаруе беларускую мову мясцовага насельніцтва. Уся касцельная аздоба і напісы выкананы выключна па-польску.

Паблізу касцёлу на могілках на значным узвышшы можна пабачыць таксама старую капліцу 19-га стагоддзя.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара