Лефакада – выспа і горад



Калі сесці ў аўтобус у Афінах і ехаць на паўночны захад, то праз сем гадзінаў вы спыніцеся перад доўгім-доўгім мостам, за якім пабачыце гарыстую выспу. Выспа гэтая называецца Лефкада, але ж выспай, паводле тутэйшай легенды, яна была не заўсёды.

Тры тысячы гадоў таму жыхары кантынентальнай Грэцыі перасяліліся на прыгожы,  ўрадлівы і абсалютна незаселены паўвостраў. І паўвостраў гэты ім так спадабаўся, што яны вырашылі адасобіцца ад усяго свету шырокім каналам, які і выкапалі за нейкіх там сто гадоў. Так поўвостраў Лефкада і стаў выспай.

Першы населены пункт адразу за каналам таксама называецца Лефкада. Гэта спакойны і ціхі гарадок, цікавы найперш старасвецкай забудовай, старажытнымі цэрквамі і даўжэзным прычалам з сотнямі яхтаў. Калі вы пашпацыруеце вузкімі лефкадыйскімі вуліцамі, то па хуткім часе заўважыце, што мясцовыя вітаюцца ў вамі, бы з тутэйшым. Такія тут мілыя завядзёнкі…

optimized-lefkada_03

З Лефкады сапраўды не хочацца нікуды з’язджаць – асабліва пасля тлумных і загазаваных Афінаў, Салонікаў і Патраў. Пасля шпацыру лабірынтамі лефкадыйскіх вулачак лепш за ўсё сесці ў кафэ на набярэжнай і замовіць келіх віна. Аднак ж трэба быць гатовым, што афіцыянт, які прынясе віно, без вашай просьбы схоча расказаць вам усю вінную гісторыю, пачынаючы ад біяграфіі прадзеда гаспадара вінаградніка.

Але ж не судзіце таго афіцыянта сувора. Ягоныя далёкія продкі капалі канал, які адасобіў Лефкаду ад усяго свету цэлых сто гадоў. Чаму б іх спаткаемцам і не кампенсаваць страчаны час на аповядах для гасцей тае выспы?!

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя