Лідскі сабор – заснежаны храм розных эпох



Падарожніка, які трапіць у Ліду, безумоўна ўразіць вялікі храм у стылі класіцызму. Гэтаму храму ўжо 200 гадоў. Сёння гэта Свята-Міхайлаўскі кафедральны праваслаўны сабор. Будаваўся жа ён пачаткова як касцёл Святога Язэпа пры кляштары піяраў. Даўняму піярскаму кляштару спрыяў расейскі імператар Павал І, які прыязджаў сюды і начаваў з сынамі ў калегіуме. Кляштар быў зачынены ў 1832 годзе, касцёл гарэў у 1842-ім. А потым, пасля задушэння паўстання 1863 году, быў перароблены ў праваслаўную царкву Міхала Арханёла. Пры саветах у 1960-ых гадах тут быў уладкаваны атэістычны планетарый. У 1971 годзе па-варварску была знішчана мураваная брама. З сярэдзіны 1990-ых – тут гарадскі праваслаўны сабор, які называецца яшчэ архістратыгіяльным. Архістратыг – гэта старадаўні эпітэт Арханёла Міхаіла, які прыблізна можна перакласці як “галоўны ваяр”, ці “галоўны змагар”.

Рэлігійнае жыццё вакол сабору, па ўсім відаць, дастаткова ажыўленае. У старых мурах, апрача ўласна сабору, размешчаны Нядзельная школа пры храме, адмысловвы хрысцільны пакой, а таксама Лідскае епархіяльнае ўпраўленне. На жаль, усе гэтыя інфармацыйныя шыльды, а таксама дошка аб’яваў з разнастайнымі абвесткамі, выкананы выключна па-расейску. На беларускай мове толькі дошка ў гонар святара, протаірэя Іосіфа Каяловіча, які доўгія гады – з 1863-га па красавік 1919-га – быў настаяцелем храма. Шыльда была ўсталявана ў 2013 годзе. Іосіф Каяловіч быў забіты ў 1919 годзе палякамі. Погляды на яго асобу і дзейнасць дыяметральна розныя. Адны лічаць яго мучанікам і ледзь не апосталам праваслаўя, іншыя – тыповым правадніком захопніцкай маскоўскай палітыкі на беларускіх землях.

Непадалёк сабору стаіць званіца і камень з шыльдай у гонар 2000-годдзя хрысціянства. А яшчэ крыху далей пры самым ходніку забаўная скульптура мядзведзя на пастаменце. Тэкст пад ёй па-беларуску і ангельску сведчыць пра тое, што тут з 1873-га па 1941-ы год працаваў другі лідскі бровар уладальніка Папірмейстара.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара