Ляды – вёска на краі мапы Беларусі



На ўсходзе Беларусі даволі папулярнай з’яўляецца прымаўка „Дуброўна і Ляды — сталічныя гарады”. Праўда, Ляды ніколі горадам не былі, колішняе мястэчка, а цяпер вёска, афіцыйна — аграгарадок. Ляды пасля таго як Смаленшчына адышла Расеі, апынуліся на самым краі палітычнай мапы Беларусі. У Расею тут можна трапіць, перайшоўшы маленькі масток на ўсходні бераг рэчкі Мярэя. Тут у гэтую рэчку ўпадае рачулка Закабыліца.

У Лядах ёсць таксама памятны знак вайне 1812 года. Менавіта тут праходзілі французскія войскі, рухаючыся на Маскву, а потым вяртаючыся назад пасля паразы.

У старажытнасці, а Ляды вядомыя ажно з 16 стагоддзя, насельніцтва было куды большым. У 1897 годзе яно дасягнула найвялікшай у гісторыі кропкі – 4434 чалавекі. Але затым пайшло зніжэнне колькасці жыхароў, ува многім яно было выкліканае нямецкай акупацыяй мястэчка. У Лядах жыло багата габрэяў, якіх гітлераўцы сталі масава забіваць у гета, якое зрабілі тут жа. 2000 габрэяў з Лядоў і навакольных вёсак былі знішчаныя, многія загінулі ад хваробаў і голаду. Актыўны ўдзел у катаванні людзей у вёсцы прымалі вайскоўцы РОА („Русской освободительной армии”).

Ляды можна смела назваць нацыяналістычнай вёскай. Мясцовы аўтобусны прыпынак размаляваны „добрымі пасланнямі” ў бок суседняй дзяржавы з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі. Цяпер у Лядах жыве 492 чалавекі, але амаль палова толькі прапісаная тут, а насамрэч праз брак працы ў Беларусі змушаная працаваць у Расеі. І тым не менш, Расею жыхары Лядоў не любяць і не лічаць узорам для роднай Беларусі. Кантраст заўважаецца адразу – на беларускай тэрыторыі ўсё досыць прыбрана і дагледжана, побач з мясцовай (дарэчы, беларускамоўнай!) школай, спакойна без замкоў стаяць ровары і ніхто іх не скрадае, а ўжо праз сотню метраў – у цяперашняй Расеі, адсутнічаюць некаторыя дарожныя знакі, на збочынах ляжыць смецце.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя

фота аўтара