Лыскава – велічны храм, які разбураецца



Мястэчка Лыскава ляжыць убаку ад асноўных турыстычных трасаў. Яшчэ нядаўна сюды ўвогуле не было добрай дарогі. Некалі Лыскава адміністрацыйна прыналежала да Ваўкавыскага павету, цяпер яно ў Пружанскім раёне. Гісторыю Лыскава шмат гадоў вывучаў яго нараджэнец, краязнавец Яўген Сянкевіч, які зараз жыве ў Алекшыцах. У гэтым жа матэрыяле звернем увагу толькі на велічны храм, які стаіць у цэнтры мястэчка і, на вялікі жаль, спакваля разбураецца. Гісторыю гэтага касцёла даследаваў яго пробашч Міхал Варанецкі, які служыў тут святаром адразу пасля другой сусветнай вайны і да арышту саветамі ў 1948-ым.

Першы драўляны касцёл у Лыскаве быў заснаваны яшчэ ў 1527-ым годзе ваяводам Мацеем Клочкам. У 1751 годзе Ян Быхавец перадаў храм манахам-місіянерам. Менавіта яны ў 1763-85 гадах збудавалі на гэтым месцы вялікі мураваны касцёл Святой Тройцы. Пабудаваны ён быў у стылі віленскага барока, таму лёгка можна знайсці аналогіі з некаторымі храмамі Вільні. У 1818-ым годзе да касцёла прыбудавалі вежу.

Пасля паразы вызвольнага паўстання 1863 году расейская ўлада перадала касцёл пад праваслаўную царкву. Храм быў перабудаваны і прыдбаў пэўныя рысы класіцызму. У 1880-ым пасля ўдару маланкі гонтавы дах згарэў, засталася мураваная частка. У 1883 годзе архітэктарам Залатаровым праведзена рэстаўрацыя.

За польскім часам храм быў вернуты каталікам. А ў 50-ыя гады дваццатага стагоддзя храм моцна разбурылі, у 1960-ым яго канчаткова зачынілі. Пры тым царкоўнае начынне перавезлі ў Ружанскі касцёл. Пасля гэтага ніхто не займаўся аднаўленнем выдатнага храма.

Ля самага касцёлу знаходзіцца магіла паэта і драматурга Францішка Карпінскага, над якой невялічкая каплічка. Фанцішак Карпінскі нарадзіўся на тэрыторыі Украіны, жыў у фальварку Хараўшчына (цяпер Сьвіслацкі раён). Пісаў па-польску, але шырока выкарыстоўваў і беларускі фальклор. Памёр у 1825-годзе. Цяперашняе надмагілле-помнік было адноўлена і ўсталявана ў 1993-ім годзе.

Побач з касцёлам захаваўся стары будынак колішняга кляштару місіянераў другой паловы 18-га стагоддзя, ён адрэстаўраваны і ў выдатным стане. Збераглася ў Лыскаве і старая брукаванка.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара