Майсэн — горад, вядомы сваім фарфорам, разводдзямі і славянскімі назвамі



Майсэн — горад у Саксоніі вядомы сваім фарфорам, разводдзямі ды шматлікімі славянскімі назвамі, якія немцам не да тлумачэння.

Што да назваў, дык рэкі Лаба (Эльба) і Трыбіш, якія ў межах гэтага места кажуць пра тое, што тут доўгі час жылі палабскія славяне. Іх анямечванне пачалося толькі з 11-га стагоддзя, пасля пераходу гэтых зямель пад Майсэнаўскую марку. Навакольныя мястэчкі Ломаць, Остраў, Мохаў, Прэстэвіц, Гродзец — даюць нам адказ, адкуль такія назвы.

IMG_5255

Рака Трыбіш

Паводкі перыядычна шкодзяць старому гораду, які месціцца ў даліне вышэй названых рэчак. Вось напамін пра ровень вады ў 2002 годзе, на адной з вуліцаў Майсэна.

Захаванне старых элементаў — турыстычная разынка. Так выглядаюць выступы ля дзвярэй дома, для спешвання конніка.

IMG_5260

 

А гэта ў Майсэне найвузейшы дом, які захаваўся з часоў трыццацігадовае вайны і бачыў войскі шведскага караля.

IMG_5266

Альбрэхтсбург — найстарэйшы палац у Нямеччыне. Тут была выкарыстана спроба перабудовы абарончага замка на палац гатычнага характару. Для захавання таямніцы майсэнаўскага фарфору палац быў месцам яго вырабу.

Майсэнаўская фарфоравая мануфактура вядома вытанчанымі вырабамі, цэны на якія, як на наша вока, надзвычай высокія. Але што зробіш, гэта кошт ручной працы, і брэнду, які вядомы з пачатку 18-га стагоддзя. Цэны ўказаны ў еўра, на фотах ніжэй.

Саксонскі прынц курфюрст Аўгуст Моцны перайшоў у каталіцтва, што было ўмовай для атрымання кароны Рэчы Паспалітай абодвух народаў Польшчы і Літвы (цяп.- Беларусі). У 1697 годзе стаў манархам нашага краю. Вялікая колькасць сакральных фігураў, таму сведкамі. Вось адна з іх.

P1210492

Ёган Ёахім Кендлер быў першым галоўным мадэльерам мануфактуры. Пры ім выраблялася каля 80 фігураў на рэлігійныя тэмы, хоць сам ён быў сынам пратэстанцкага вікарыя. Сярод фігураў — блізкая духу гарадзенцаў кампазіцыя з гісторыі Святога Губэрта.

У студзені 1734 году Саскі князь, прынц курфюрст Фрыдэрык Аўгуст, сын «Моцнага» стаў чарговым манархам. У Беларусі ён вядомы, як Аўгуст Сас. У гонар такой падзеі майсенаўская мануфактура вырабіла каранацыйны сервіз да якога належала таксама гэтая талерка. Яна дэманстравала права Сасаў на Вялікалітоўска-польскую карону.

IMG_5250

IMG_5247

Дама і кавалер у шляхецкіх строях, якія насілі ў Рэчы Паспалітай абодвух народаў. Дама выцягнула руку для пацалунку. Кампазіцыя выканана Ёганам Ёахімам Кендлерам у 1740 годзе. Гэта алюзія да сімвалічнага паклону караля перад нашай шляхтай.

IMG_5248

Мануфактура — адзінае стабільнае месца заробку для мясцовых жыхароў, бо беспрацоўе ў горадзе значнае. Чужынец, як кажуць тамтэйшыя працаўнікі, няма шанцаў працаўладкавацца на гэтым прэстыжным прадпрыемстве.

Цікава ў вырабах з парцэляны тое, што формы захоўваюцца з 18-га стагоддзя, што дазваляе «па старых лекалах» вырабляць шэдэўры мінулага.

Якуб Сушчынскі, Майсэн

Фота аўтара