Манікдэна – закінуты горад у джунглях Шры Ланкі



Джунглі Шры Ланкі адрозніваюцца ад усіх іншых, дзе мне давялося бываць. Яны не такія шчыльныя, як у Індыі і не такія вільготныя, як у Камбоджы. Нечым нагадваюць лес пад якім Заслаўем: ціха, замірана і па-святочнаму прасветлена. Пра блізкасць экватару нагадваюць хіба што звар’яцелы градуснік, які ўжо зраніцы паказвае на + 35 °С, ды яшчэ нахабныя папугі ў шатах і сюрэалістычных колераў мятлікі.

Optimized-01_Manikdena

Як і ў беларускім лесе, у ланкійскіх джунглях заўсёды можна натрапіць на гістарычную неспадзяванку…

Закінуты горад Манікдэна, што непадалёк Дамбулы, не пазначана ў турыстычных атласах, і большасць турыстаў, якія вандруюць па Шры Ланцы, нават не ведаюць пра яго існаванне.

Першым туды нібыта прыйшоў Буда – адбітак яго нагі на камяні і пагэтуль ёсць у Манікдэне. Па хуткім часе блізка святыні пасяліліся будысцкія мніхі, да якіх пацягнуліся паломнікі. Як і мае быць, Манікдэна пашыралася коштам рамеснікаў і гандляроў, але заставалася пры гэтым выключна духоўным цэнтрам.

Так доўжылася да канца Х стагоддзя, калі ўсе мніхі нечакана пакінулі горад і перасяліліся ў храмавы комплекс Дамбула, які стаіць у 9 кіламетрах. Прычына гэтага сыходу невядомая і пагэтуль.

Але ж вось ужо больш за тысячу гадоў да сакральнага “дрэва жаданняў” ходзяць мясцовыя жыхары, каб навязаць стужку на “дрэва жаданняў”. Зусім, як паганскія часы ў Беларусі…

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя