Масаляны – даўняе гняздо роду Біспінгаў



 

Мясцовасць Масаляны, якая ў сённяшнім Бераставіцкім раёне, гэта колішняе гняздо роду Біспінгаў. Род гэты паходзіў з Нямеччыны, а на нашых землях ён асеў трывала і жыў стагоддзямі ажно да прыходу бальшавікоў у 1939-ым. З Масалянамі звязаны цэлы шэраг захапляльных і кранальных рамантычных, трагічных і незвычайных гісторый. Адсылаю тут цікаўных да кніжкі мясцовай краязнаўцы Галіны Румак «Масаляны. Праз смугу стагоддзяў».

Што можна пабачыць сёньня ў Масалянах? Вёска гэтая даволі расцягнутая – забудова былога фальварку ў адным баку, праваслаўная царква – у іншай частцы вёскі. Да былой сядзібы вядзе ўзязная брама, дакладней яе рэшткі. На адным з мураваных слупоў металёвая таблічка з лічбай 38. Едзем дарогай з прысадамі абапал. Ужо перад асноўным паркам стаяць гаспадарчыя пабудовы. На ўездзе ў парк усталявана шыльда з тэкстам па-расейску, са зместам, што тут помнік прыроды мясцовага значання. Закладанне старога парку праводзілася пасьля 1846 году. Яго асновай з’яўляюцца алеі з клёну, ліпы, ясеню. Тры алеі разыходзіліся нібыта промнямі. З экзотаў тут захваліся ліпа каралінская, сасна чорная, віргінскі ядловец.

Сядзіба была забудавана ў нэагатычным стылі. Некаторыя будынкі былога фальварку выкарыстоўваюцца пад розныя патрэбы. Іншыя ў скрайне занядбаным стане. Удалечыні стаіць капліца. Да яе трэба ісьці навакольным шляхам, ахінаючы моцна зарослую вялікую сажалку. Наўрад ці зараз тут можна купацца. Відавочна зарослае возера патрабуе ачысткі. Але і ў такім выглядзе мае сваю пэўную вабнасць. Капліца абгароджаная металёвым плотам. На самой браме чатыры лічбы, якія разам складаюць год – 1937. За капліцай некалькі старых, яшчэ жылых, хатаў.

Царква ў іншым канцы вёскі, на паўднёвай ускраіне. Пабудавана яна была ў 1796-ым годзе з каменю і цэглы як касцёл, пэўны час храм быў уніяцкім. Гэта помнік архітэктуры позняга барока. Пасьля паўстання 1863 году храм перароблены ў праваслаўную царкву. Непадалёк невялікая каплічка. Пры храме некалькі старых магілаў. У царкве захоўваецца стары абраз канца 19 стагоддзя Іааан Багаслоў. Выкананы ён святаром-мастаком Міхаілам Плісам. У інтэр’еры два старыя латунныя падсвечнікі вышынёй больш ажно 2 метраў.

А яшчэ мяцовасць ведамая тым, што тут кожны год праходзіць рэгіянальны фэст паэзіі «Масалянскія салаўі».

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара