Меднікі – стары замак надвячоркам



У Медніцкім замку мне з сябрамі давялося ўпершыню пабываць 27 гадоў таму. З гэтага гледзішча новы візіт праз столькі гадоў успрымаўся з асаблівым пачуццём і нават душэўным трымценнем. Сяброўская вандроўка па гістарычнай Віленшчыне непазбежна мусіла прывесці нас менавіта да муроў Медніцкага замку. Здарылася гэта ўжо надвячоркам, але такая акалічнасць ніколькі не зменшыла нашы ўражанні. А хутчэй наадварот…

Меднікі некалі нездарма называліся каралеўскім мястэчкам, бо лічыліся мясцовасцю – парогам Вільні, своеасаблівай брамай, што бараніла ўсходнія рубяжы нашай старадаўняй сталіцы. Пачаткам забудовы мураванага замку ў Медніках гісторыкі лічаць канец 13-га – пачатак 14-га стагоддзя. Медніцкі замак ёсць фартэцыяй так званага нізіннага тыпу. Ён ёсць своеасаблівым родным братам Крэўскага замку. Па забудове ён сапраўды нагадвае Крэўскую цвердзь, толькі большы па памерах. Паводле сведчанняў археолагаў на пабудову Медніцкага замку пайшло каля 18500 метраў кубічных каменю і каля 5 тысяч метраў кубічных цэглы, што перавышае „укладанні” у Крэўскі і Лідскі замкі. Дарэчы, усе тры згаданыя замкі будаваліся адначасна.  Першая згадка пра Меднікі знойдзена ў „Хроніцы” Мацея Стрыйкоўскага і датычыць 1313 году. Далей былі стагоддзі, калі Меднікі былі звязаны з дзейнасцю каралёў і вялікіх князёў. Сюды неаднаразова прыходзілі крыжакі, а пазнейшая гісторыя не менш насычаная, але пакінем яе нашым больш цікаўным чытачам, якія самы пашукаюць адпаведную літаратуру.

А непадалёк замку стаіць каталіцкі касцёл, які мае сваю адметную гісторыю. Храм, які ёсць зараз, забудоўваўся ў той час, калі Меднікамі валодала Альжбэта Камарова.

Выязджалі мы з Меднікаў з нейкім асаблівым пачуццём настальгіі. І крыўды. Крыўды за наш Крэўскі замак. Хто пабывае – той зразумее…

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара