Мумбай — лекі ад дэпрэсіі



Калі навакольны свет падаецца вам занадта тлумным, калі вас раздражняюць людзі на ходніках, а таксама каты і сабакі ў дварах і аўтамабілі на дарогах, – кідайце ўсё і выпраўляйцеся ў Мумбай,  фантастычны мегаполіс на беразе Індыйскага акіяна.

01

Мумбай – набярэжная.

Мумбай – гэта магутная кінаіндустрыя Балівуда з усімі тамтэйшымі зоркамі, горача любімымі паўтарамільярднай Індыяй. Але гэта і найвялікшыя ў свеце трушчобныя раёны. Гэта  шляхотныя «ферары» з пазалочанымі коламі і рыпучыя мотарыкшы каланіяльных часоў. Гэта маёнткі індыйскіх банкіраў памерам з менскую Камароўку і дамкі мясцовай галоты, змайстрачаныя з цэлафану і крадзеных рэкламных шчытоў.  Афіцыйна ў Мумбаі жыве 13 мільёнаў чалавек.  Неафіцыйна – больш за 36 міліёнаў, прытым штодня насельніцтва мегаполіса павялічваецца на 10 000 жыхароў. Сапраўдную колькасць насельнікаў Мумбая не ведае нават начальнік мясцовай паліцыі.

Знаёмства з Мумбаем вы, напэўна, пачнеце з набярэжнай. Калі вам пашэнціць, вы пабачыце, як чараўнікі з балівудскай «фабрыкі мрояў» здымаюць там чарговую меладраму.

10

Мусульманскі раён «Калаба».

17

У Мумбаі любяць катоў, асабліва ў мусульманскіх раёнах!

Потым, як і мае быць, вы выправіцеся на Вакзал Вікторыі і ў мусульманскі раён Калаба, у культавую кавярню «Леапольд», вядомую па знакамітым рамане «Шантарам» Грэгары Робертса.

02

Але раю вам крыху адыйсці ад турыстычных маршрутаў і наведаць класічны трушчобны раён за «Леапольдам» – тым больш, ён там усяго ў двухстах метрах.

Памятаеце індыйскі фільм «Міліянер з трушчобаў», лаўрэата васьмі «Оскараў»? Вось тамака некаторыя сцэны з таго фільма і здымаліся.

13

Праўда, фільм і на тысячную долю не перадае ўсяго каларыту побыту мумбайскіх жабракоў…

14

15

І ўжо пасля гадзіны такога шпацыру вы, напэўна, зразумееце: і жыццё вашае не такое тлумнае, і людзі ў нас куды прыемнейшыя, і дабрабыту болей – не кажучы ўжо пра парадак. Дый увогуле – пасля наведвання Мумбая, як той казаў, «жыццё становіцца лепш, становіцца весялей…»

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, Мумбай

Фота аўтара