Муравана: руіны і страус, сажалкі і вослік



Мясцовасць Муравана ці, як яе яшчэ называюць у гістарычных крыніцах, Бераставіцкая Муравана, знаходзіцца непадалёк ад мястэчка Малая Бераставіца. Некалі тут была шыкоўная сядзіба і развітая гаспадарка. Сёння пра былую веліч сведчаць толькі абрысы даўняй планіроўкі, руіны галоўнага палаца і рэшткі старога парку.

Муравана Бераставіцкая – даўні маёнтак, які пачаткова належаў магнату і канцлеру ВКЛ Астафею Валовічу, з сярэдзіны 18-га стагоддзя да 1858 году – роду Юндзілаў, а пазней – ажно да 1939-га – Солтанам. Будынак сядзібы быў закладзены яшчэ Тадэвушам Дуніным-Юндзілам. Ягоны сын Віктар быў актыўным удзельнікам паўстання 1830 году, а пасля яго паразы выехаў у Швайцарыю. Пазнейшы ўладальнік Станіслаў Солтан з-за цяжкай хваробы жонкі збройнага ўдзелу ў паўстанні 1863 году не браў, але дапамагаў інсургентам фінансава, за што быў высланы ў Табольск. Вярнуўся ён у Муравану толькі праз 10 гадоў, а потым выехаў да дачкі на Віцебшчыну. Значнае разрабаванне сядзіба зазнала ў час першай сусветнай вайны. Тое ж, што ацалела пасля выезду апошняга ўладальніка Богдана Юзафа Солтана ў Варшаву, расцягнулі саветы ў верасні 1939-га.

У савецкі час у доме доўгі час месцілася школа трактарыстаў, але пра рамонт будынку ніхто ня дбаў, зараз ён паўразбураны і па-ранейшаму належыць мясцовай Малабераставіцкай вучэльні. Захавалася ўязная дубовая алея. Стан будынку гаротны, на даху растуць маладыя бярозкі. За сядзібай цягнецца здзічэлы стары парк, некалі тут была складаная сістэма сажалак, злучаных каналамі. Усяго сажалак пяць, у галоўнай ёсць астравок, а адна пераўтварылася ў балота. Кажуць, што тут шмат рыбы, пра гэта сведчаць і шматлікія таблічкі пра забарону яе лавіць. У Мураване можна пабачыць ня толькі звыклых нашаму воку лебедзяў ды жабак, але і экзатычных для нашых шыротаў восліка і страуса ў загародцы. Нібыта вялікіх птушак тут было ажно восем, але зараз засталася толькі адна.

Сустрэлася ў Мураване жанчына, якая з жалем гаварыла пра стан помніка архітэктуры і  расказала, што апошняя гаспадыня фальварку Ганна Нартоўская, выязджаючы перад прыходам бальшавікоў, падарыла яе маці карову. Жыхары хацелі б адраджэння старой сядзібы. Але відавочна, што ў дзяржавы зараз няма сродкаў на адбудову Мураванскага фальварку і ці калі надыдзе рэстаўрацыя – вялікае пытанне…

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара