Меліха, мальтыйскае мястэчка



На Мальце няма аніводнае вёскі – прынамсі, у беларускім разуменні. Усе населеныя пункты, незалежна ад колькасці месцічаў, называюцца гарадамі.

Гарадок з амаль славянскім назовам Меліха знаходзіцца на самае поўначы Мальты. Жыве тут усяго шэсць з паловай тысяч чалавек. Паводле турыстычных даведнікаў, галоўная адметнасць Меліхі – баракальная Катэдра Божай Маці ХVIII стагоддзя, якая памятае візіты ажно трох Рымскіх Папаў, а таксама некалькі пячораў часоў неаліта. Але ж жылыя кварталы Меліхі, узведзеныя прыблізна ў той жа час, што і Катэдра, вартыя, каб агледзіць іх асобна.

Некага абавязкова прывабіць старажытная брукаванка, якая захавалася на тых вуліцах яшчэ з часоў рыцараў-гаспітальераў. Некага – ладныя, нібы цацачныя дамкі, у якіх і цяпер жывуць нашчадкі мальтыйскіх рыцараў, пра што сведчаць шляхецкія гербы на фасадах.

Але ж асабіста мяне неверагодна ўразіла кінематаграфічнага выгляду тэлефонная будка на скрыжаванні вясковых вуліц, якая відавочна засталася тут з часоў брытанскага каланіяльнага панавання. Будка гэтая навявала выключна літаратурныя асацыяцыі з героямі Агаты Крысці, Іўліна Во і асабліва Памелы Трэверс. Чамусь падалося: вось зараз прымружуся, і з-за рога дома выйдзе сама Мэры Попінс, ідэальная няня, сувора гляне на мяне і пацікавіцца, чаму гэта я, лайдак, бадзяюся па вуліцах, а не раблю ўрокі?

А чаму б і не? На казачных вуліцах мальтыйскіх гарадкоў, здаецца, мажлівы і не такі цуд.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя