Мястэчка Свір: старая забудова і чароўнае возера



У Мядзельскім раёне ля адміністрацыйнай мяжы Менскай і Гарадзенскай абласцей ёсць мястэчка Свір. Ляжыць яно ў надзвычай маляўнічай мясцовасці, расцягнуўшыся ўздоўж паўночнага берагу вялікага  доўгага возера, якое мае такую сама назву. Ёсць меркаванне, што гісторыя гэтай мясцовасці бярэ свой пачатак яшчэ ў 12-13 стагоддзях. Заснавальнікам мястэчка прынята лічыць літоўскага князя Даўмонта. У свой час уладальнікамі Свіры былі таксама князі Свірскія, а пазней Бішэўскія.

Да сённяшняга дня ў мястэчку захаваўся шэраг цікавых драўляных і мураваных будынкаў. Варта адзначыць касцёл Святога Мікалая, пабудову якога фундаваў ў 1653 годзе ашмянскі харунжы Фабіян Козел-Паклеўскі. Да сённяшняга дня гэта сама высокі будынак Свіры. У 1908-1909 гг. храм быў перабудаваны ў неабарокавым стылі і значна павялічаны ў памерах. Ад старой канструкцыі засталіся толькі вежа і частка трансперту. У 1961 г. храм быў закрыты і выкарыстаны пад прамысловы склад. У 1990 г. вернуты парафіянам. Зараз касцёл стаіць у рыштаваннях. На яго тэрыторыі вялікі стары звон, скінуты з вежы ў савецкія часы (пра яго мы раскажам пазней асобна), а таксама на бетонавым пастаменце моцна пагнуты жалезны крыж, які некалі зрывалі з даху трактарам. Збоку пра касцёле знаходзіцца мураваная з палявых камянёў старая костніца – будынак накшталт капліцы, дзе захоўвалі парэшткі пахаваных пры касцёле асобаў.

Сярод старой забудовы Свіра звяртаюць на сябе ўвагу таксама невялікая драўляная царкоўка пачатку 20 ст. і шэраг адна-двухпавярховых дамоў, размешчаных уваходнымі дзвярыма да вуліцы (былыя жыдоўскія крамы), а таксама будынак сядзібы пачатку мінулага стагоддзя і рэгулярным паркам і алеямі. Непадалёк ад возера стары будынак, праўдападобна стары млын.

Але асаблівую чароўнасць мястэчку надае само возера, краявіды якога захопліваюць вандроўніка і заахвочваюць яго прыехаць сюды яшчэ не раз…

Алесь Любчанскі, Беларускае Радыё Рацыя. Фота Уладзіміра Хільмановіча