„Мёртвая” траса Кіраваград – Кішынёў



Здавалася б, што цікавага ў такім аб’екце, як дарога? Але ёсць у гэтым свеце трасы, вартыя ўвагі. Справа ў тым, што у дадзены час траса Е577 кірункам Кіраваград – Кішынёў практычна не выкарыстоўваецца для паездак з Украіны ў Малдову і назад. На гэтым часам памыляюцца аматары аўтаспыну, асабліва тыя, хто паходзіць з далёкіх адсюль мясцінаў. Адна машына за 15-20 хвілінаў — звычайная справа. Ды й тое, часцяком па машынах бачна, што яны курсуюць паміж блізкімі вёскамі. Аўтамабілісты, якія едуць з Малдовы ва Ўкраіну ці ў адваротным кірунку, звычайна едуць праз Адэсу. Робяць шмат лішніх кіламетраў, аднак рухаюцца па якаснай дарозе. Дарога ж Е577 мала што разбітая ўва многіх месцах, дык яшчэ і праходзіць па дзясятках пагоркаў, на некаторыя з якіх аўтамабілю цяжка ўскараскацца. Таму па ёй ездзяць кіроўцы, якія ўсё адно любяць скарачаць адлегласці і тыя, хто едзе, напрыклад, з Дубасараў у Катоўск, бо так значна бліжэй.

Ляндшафт маляўнічы, шмат гадоў таму ўздоўж трасы былі засеяныя палі, цяпер толькі малая колькасць з іх выкарыстоўваецца ў гаспадарчых мэтах. У нізінах ёсць рэчкі і азёры, на якія ездзяць рыбакі з навакольных вёсак, а таксама з гарадоў Ананьеў і Катоўск. Уздоўж дарогі побач з паселішчамі стаяць старыя аўтобусныя прыпынкі і пункты шынамантажу. Шыны тут ужо не мяняюць, бо машын надзвычай мала, усе прадпрымальнікі перабраліся на „жывыя” трасы некалькі гадоў таму. Сустрэць у ваколіцах чалавека без машыны практычна немагчыма. Адным словам, калі вы апынуліся на Е577, хочаце хутка дабрацца да Малдовы і яшчэ бачыце знак Е95 і М05, дзе паказваецца з’езд на дарогу Кіеў-Адэса, абірайце менавіта яе. Але калі вы нікуды не спяшаецеся і збіраецеся паназіраць за прыродным хараством, высокімі пагоркамі, пабыць падалей ад шуму і мітуслівых людзей — працягвайце шлях па Е577!

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя