На Гарадзеншчыне пасяліліся плямістыя алені



Гарадзенскія арнітолагі, што назіралі за птушкамі ў Бераставіцкім раёне на Гарадзеншчыне выпадкова заўважылі жывёлаў, якія раней не сустракаліся на тэрыторыі Беларусі. Гэтымі жывёламі былі плямістыя алені, якія паходзяць з Усходняй Азіі, аднак зараз засяліліся ў Заходнюю Еўропу. Арнітолагі паспелі сфатаграфаваць гэтых жывёлаў – самца, тры самкі і маладога плямістага аленя.

Пра выпадак распавядае гарадзенскі арнітолаг, рэдактар сайта “Птушкі Штодня” Зміцер Вінчэўскі:

– Насамрэч гэты від не з’яўляецца афіцыйным відам фаўны нашай краіны, таму, зразумела, ён і не з’яўляецца паляўнічым відам. Паляванне на яго афіцыйна не дазволена. Від інтрадуцэнт – гэта значыць, што від завезены чалавекам і не з’яўляецца абарыгенным для нашай фаўны. Таму, у сувязі з гэтым, ён жорсткі канкурэнт нашым відам парнакапытных, гэта значыць, найперш для казуляў і высакародных аленяў.

Па словах Зміцера Вінчэўскага, упершыню гэтага аленя завезлі ў Беларусь яшчэ ў канцы 80-х гадоў ХХ стагоддя ў адзін з калгасаў на Кобрыншчыне, аднак да сённяшняга часу гэтыя жывёлы так і не занесены ў спіс жывёльнага свету Беларусі.

Хаця ў большасці еўрапейскіх краін натуралізаваныя папуляцыі віда збольшага аселыя, у Польшчы адзначаны перамяшчэнні аленяў нават на 160 км, таму адкуль самец са сваім „гарэмам” узяўся на захадзе Гарадзеншчыны невядома.

Беларускае Радыё Рацыя