Найпрыгажэйшая мячэць Александрыі, альбо Яшчэ раз пра паліткарэктнасць



У Александрыю мяне запрасіў мой сябра Махамад. Разумны саракагадовы дзядзька, светлая асоба: дзве вышэйшыя адукацыі, сем замежных моваў, у тым ліку і польская, праца навуковым супрацоўнікам у Александрыйскай бібліятэцы ў аддзеле славістыкі… І непадробная цікаўнасць да ўсяго невядомага.

Пакуль мы ехалі па александрыйскай набярэжнай, Махамад распытваў мяне пра Беларусь. Ці надта скарумпаваны наш прэзідэнт, а як скарумпаваны – то чаму яго не зрынулі, як Мубарака? Ці забіваем мы людзей іншых рэлігій ад імя нашага Бога, а як не, ці бываюць у беларусаў міжрэлігійныя ці міжканфесійныя шлюбы? Ці падобныя беларуская і польская мовы, і як па-беларуску гучаць словы прывітання, надзеі і падзякі? Праз якую гадзіну размовы Махамад вывучыў словы «дзякуй!..», «калі ласка!..», «пагроза расейскай агрэсіі…», «партызаны..» і «Жыве Беларусь!..», якія, падазраю, запомніў на ўсё жыццё.

Пры гэтым Махамад – сапраўдны артадаксальны муслім: дзве жонкі, ад кожнай па двое дзетак, шчыра моліцца па пяць разоў на дзень і назапашвае грошы на Хадж – паломніцтва ў Меку. Бо Хадж – адзін з «пяці слупоў Ісламу».

Мой сябра правёз мяне амаль пятнаццаць кіламетраў па набярэжнай, каб паказаць мне ці не самую вядомую мячэць Александрыі. Абуль-Абаса аль-Мусары збудаваная ажно ў 1307 годзе на месцы магілы папулярнага шэйха Абуль-Абаса, і таму носіць яго імя. Александрыйцы мяркуюць, што гэта не толькі самая прыгожая мячэць у іх горадзе, але і ў цэлым мусульманскім свеце.

Немусульманам усярэдзіну мячэці заходзіць непажадана. Забіць не заб’юць, але праблемаў потым не абярэшся. Але ж калі вы пасябравалі з сапраўды разумным і паліткарэктным муслімам – то заходзіць можна, але без афішавання.

Пры ўваходзе ў мячэць абавязкова здымаецца абутак. Нельга размаўляць голасна. Фатаграфаваць можна, але каб не замінаць вернікам. Усярэдзіне мячэці лепш не стаяць, лепшае месца – каля сценкі. Каментаваць Суры з Карана таксама непажадана – прынамсмі ўголас.

Самае галоўнае месца – Міхраб, то бок месца, арыентаванае на Меку. У бок Міхраба і моляцца праўдзівыя муслімы. Ёсць таксама Мінбар – нешта кшталту катэдры ў касцёле ці амбона ў царкве, адкуль мула правіць імшу. Імша правіцца штопятніцу, прытым каштоўнасць малітвы ў мячэці ў 27 разоў вышэйшая, чым дома. Жанчыны моляцца асобна, за адмысловай загародкай, бо іх прыгажосць можа спакусіць мусліма падчас малітвы.

Усё гэта мой сябра Махамад расказваў ужо ў двары мячэці Абуль-Абаса аль-Мусары. Але ягоны маналог нечакана прыпыніў нейкі брудны стары, з псіхапатчыным тварам, якія звычайна паказваюць у рэпартажах пра ІГІЛ ці пагромнікаў з «Братоў-мусульманаў». Стары з невядомых прычынаў схапіў мяне за каўнер і нешта выгукнуў – напэўна, арабскі праклён да «іншаверца».

Махамад выявіўся сапраўдным прыгажуном. Ён па чарзе адляпіў закарэлыя пальцы рэлігійнага шызафрэніка ад майго каўнера. Адагнаў яго метраў на пяць. Потым разгарнуў кішэнны Каран і нешта хутка-хутка спытаўся. Псіхапат разгубіўся і знік…

– А што ты ў яго запытаўся? – не зразумеў я.

– Хто такі Іса. Але ён жа зусім дурны, пра Каран адно чуў, а не чытаў, і таму не разумее, што наш прарок Іса – гэта і ёсць ваш Езус Хрыстос…

…Ужо ў машыне я задаў Махамеду непаліткарэтнае пытанне:

– А як ты думаеш, хто меў рацыю: Хрыстос ці Мухамед?

– Шчыра кажу: не ведаю. Можа, наш Мухамед, можа, ваш Хрыстос. Але ведаю адно: усе канфлікты паміж людзьмі – ад невуцтва і нежадання паважаць адзін аднаго…

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя