Ніл у раёне Каіра



Рака Ніл устойліва асацыюецца ў нашае свядомасці з кракадзіламі, урадлівасцю і чаўнамі фараонаў.

Кракадзілы ў верхнем Ніле даўно звяліся. Зямля паабапал нільскіх берагоў па-ранейшаму ўрадлівая, як і за часамі старажытнага Егіпта. А турыстычныя чаўны, стылізаваныя пад тыя, якімі вандравалі па рацэ фараоны, рэгулярна ходзяць па рацэ.

Сядаем у адзін з іх.

Ніл падзяляе агромісты каірскі мегаполіс на дзве няроўныя часткі: праваруч, калі плыць уверх па плыні – уласна Каір, бязмежны і хаатычны горад, а леваруч – меншая па памерах Эль-Гіза, ці проста Гіза, як кажуць тутэйшыя жыхары. Зрэшты, самі жыхары Гізы катэгарычна не пагаджаюцца з тым, што яны – каірцы. Гіза ў іх уяўленні – асобны горад, хаця і значна бяднейшы за Каір.

Гіза жыве пераважна з таго, што абслугоўвае турыстаў, якія прыязджаюць паглядзець на піраміды і Сфінкса, ці абслугоўвае тых, хто абслугоўвае турыстаў.

Каір, як і шмат якіх сталіцаў, жыве з усяго патроху: банкі, буйная прамысловасць, турызм, пасярэдніцкі гандаль… Як казалі ў савецкіх фільмах, гэты тыповы “горад кантрастаў”. Шыкоўныя офісы і пачварныя трушчобы, еўрапейскага выгляду кварталы і старажытныя могілкі, на якіх туляцца бяздомныя, змрочныя сярэднявечныя фартэцыі і шыкоўныя палацы егіпецкіх высокапасадоўцаў.

Але ж з чаўна, які возіць турыстаў па галоўнай афрыканскай рацэ, не відно ані галечы Каіра, ані няшчымніцы Гізы. Каірскія краявіды, якія адкрываюцца з Ніла – гэткая рэклама горада: зеляніна садоў, плавучыя рэстарацыі і бетанова-шкляныя гмахі.

Кожнаму, хто пабывае ў Каіры ці ў Гізе, варта хоць раз прайсціся па бедных кварталах. Інакш у вандраўніка можа скласціся ўражанне, што егіпецкая сталіца – гэта выключна Каірскі музей, піраміды, бедуіны ды яшчэ звышсучасныя высоткі, якімі застаўленыя абодва берагі Ніла.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя