Нянькава і Войнава – мясціны Уладзіслава Дыбоўскага



Выдатны навуковец, удзельнік вызвольнага паўстання 1863 году Уладзіслаў Дыбоўскі, чалавек незвычайнай і вельмі адметнай біяграфіі, значнай часткай свайго жыцця звязаны з гістарычнай Наваградчынай – мясцінамі Нянькава і Войнава.

За ўдзел у студзеньскім паўстанні, нягледзячы на інваліднасць нагі, Уладзіслаў Дыбоўскі быў засуджаны да турэмнага зняволення – сядзеў у менскай турме. Да навуковай працы ў Тарту змог вярнуцца толькі ў 1871 годзе. У тамтэйшым універсітэце Дыбоўскі сур’ёзна падвышаў свой навуковы ровень і плённа дзеіў, апрацоўваў зборы свайго высланага брата Бенядыкта, якія той перасылаў з Сібіры і Камчаткі, друкаваў даследчыя артыкулы. У гэты перыяд ён прыязджаў да сваёй сястры Мальвіны, што жыла ў маёнтку Войнава непадалёк ад Любчы, дзе таксама вёў навуковы пошук. Праца Дыбоўскага “Фаўна бруханогіх возера Байкал” адразу прынесла яму ведамасць сярод заолагаў.

З-за кепскага здароўя навуковец быў змушаны пакінуць тартускі ўніверсітэт. Пры тым ён паспеў абараніць доктарскую дысертацыю, але сталай працы там таксама ня меў. З 1878-га да пачатку 1900-ых гадоў Уладзіслаў Дыбоўскі жыў у Нянькаве. Маёнтак, які быў прыблізна за 20 кіламетраў ад Наваградку, ня быў уласнасцю Дыбоўскага, ён арандаваў яго ў нейкага Умястоўскага. Паблізу жыла сястра Мальвіна Наргялевіч, якая вельмі дапамагала брату. Жывучы ў Нянькаве, Уладзіслаў працягваў апрацоўваць зборы брата, а таксама вывучаў мясцовую навакольную флору. Дыбоўскаму было досыць самотна – без сваёй сям’і і аднадумцаў. Ад роспачы ратавала навука – ягоная найбольшая любоў. Сярод іншых працаў вучонага, які быў паліглотам, можна знайсці і два зборнікі беларускіх загадак і прымавак.

Памёр Уладзіслаў Дыбоўскі 27 ліпеня 1910 году, быў пахаваны ў Войнаве пад Любчай побач з магіламі сям’і Наргялевічаў. Дом у Нянькаве знішчаны ў час другой сусветнай вайны савецкімі партызанамі. Помнік на магіле ў Войнаве знішчаны ў 1950-ыя.

У апошнюю краязнаўчую вандроўку мы скіраваліся ў вёску Нянькава, паразмаўлялі з мясцовымі жыхарамі. У Нянькаве няма ніякіх помнікаў архітэктуры, нешматлікае мясцовае насельніцтва вызнае праваслаўе. У вёсцы ў гушчы дрэваў усталяваны крыж (на фота). Бабулькі сталага веку ведаюць пра колішнюю панскую сядзібу. А памятны камень у гонар Дыбоўскага пры самай дарозе ў кірунку Любчы, ужо пасля ўказальніка на Нянькава, адразу за аўтобусным прыпынкам (на фота). Менавіта тут на ўзвышшы і быў маёнтак. Саму мясцовасць сучаснікі называлі гарой Афон, найперш з-за цвярозага ладу жыцця Дыбоўскага, які быў абстынентам.

У Войнаве пад Любчай у наш час на стары пастамент была змешчана таблічка з напісам “Рыцар навукі. Дыбоўскі У. Я. 1838-1910”. На тэрыторыі былога маёнтку Наргялевічаў размешчана прамысловае прадпрыемства. Захаваліся толькі рэшткі планіроўкі старога парку. Надмагільныя ж помнікі апынуліся за бетонным плотам.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя

фота аўтара, лістапад і ліпень 2015-га