Нястанішкі: неаготыка ў лесе і рэліквія з Мадрыду



Нястанішкі – вёска на поўначы сучаснага Смаргонскага раёну, у яго глыбіні і ўдалечыні ад асноўных турыстычных маршрутаў. Аднак тут, фактычна ў лесе, у двух кіламетрах ад паселішча можна пабачыць архітэктурны шэдэўр, створаны ў стылі неаготыкі. Храм пабудаваны ў 1905-ым годзе з чырвонай цэглы. Па выглядзе ён нагадвае сваіх “братоў” – касцёлы, якія былі забудаваныя прыблізна ў адзін час у Каменцы і Васілішках (Шчучынскі раён), Рэплі (Ваўкавыскі раён). Дзвюхвежавая базіліка паўстала на месцы ранейшых касцёлаў. У сярэдзіне 19 стагоддзя ў мясцовым храме з’явіўся алтар Святога Ізідора. Ён быў створаны на сродкі Мацільды Бучынскай, сястры Габрыэлі Пузыны з роду Гюнтараў, якая стала ўладальніцай Нястанішак у 1851 годзе. Габрыэля Пузына, якая жыла ў суседніх Дабраўлянах, ведамая ў нашай гісторыі як беларуская паэтка, якая пакінула свае мемуары. У 1933-38 гадах у Нястанішках працаваў беларускі каталіцкі святар Міхал Борык.

У час другой сусветнай вайны вёска моцна пацярпела, але храм ацалеў. Пазней саветы зачынілі касцёл, але інтэр’ер і начынне зберагліся. У дзевяностыя гады набажэнствы аднавіліся. Нястанішкі ведамыя сваімі рэлігійнымі святамі. Галоўнае – фэст у гонар Святога Ізідора. У касцёле зберагаецца рэліквія, якая прывезеная сюды з Мадрыду. Захоўваецца таксама драўляны крыж, у цэнтры якога змешчаны парэшткі Аўгуста Чартарыйскага, ксяндза-салезіянца. Гэтую рэліквію прывезлі з Рыму. А яшчэ ў Нястанішках адзначаюць свята 1 траўня, прысвечанае Маці Божай Добрай Рады, чыё імя цяпер мае храм. Пра гэта сведчыць табліца па-беларуску і па-польску, якая змешчана на фасадзе касцёлу. А наўкола храма дзівосны “газон” – мох, па якім надзвычай прыемна хадзіць.

На адным з уездаў у Нястанішкі ляжыць валун, а з іншага боку дарогі далей прыдарожная каплічка.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя

фота аўтара