Нёман і Любча: гісторыя і сённяшнія краявіды



Сёння мала хто ведае, што ў мястэчку Любча каля Наваградку на рацэ Нёман перад другой сусветнай вайной было своеасаблівае збудаванне накшталт папярэчнай брамы, якое мясцовыя жыхары называлі “бонай”. Няхітрая драўляная канструкцыя прызначалася для затрымання і сартавання лесу-кругляку, што сплаўляўся воднымі шляхамі з Налібоцкай пушчы. Размяшчалася “бона” на беразе ракі ў раёне паміж старым замкам і мастом.

У 20-ыя-30-ыя гады мінулага стагоддзя вялізны лясны масіў Налібоцкая пушча ў значнай ступені быў выразаны. Тут дзейнічалі прадстаўнікі розных краёвых і замежных фірмаў, якія актыўна займаліся нарыхтоўкай і вывазам каштоўнай сыравіны ў Заходнюю Еўропу. Сярод іх вылучалася польска-ангельская фірма “Swierk”, прадстаўніцтва якой размяшчалася ў мястэчку Налібакі.

З гушчару драўніну вазамі дастаўлялі да Нёмана альбо пракладзеных да яго водных каналаў і далей сплаўлялі да Любчы. Тут пры неабходнасці ”бонай” перагароджвалі раку. Затрыманыя бярвенні выцягвалі на бераг і сартавалі. Частку драўніны адмысловым транспарцёрам дасылалі на тартак, які быў побач, для далейшай перапрацоўкі. Але асноўная частка налібоцкага лесу-кругляку ішла водным шляхам далей на захад. У Любчы мясцовыя майстры вязалі з бярвенняў доўгія плыты і гналі аж да Усходняй Прусіі. Некалі наднёманскія мястэчкі Любча, Шчорсы, Купіск, Дзяляцічы славіліся сваімі плытагонамі.

Цэзары Хаецкі, Беларускае Радыё Рацыя, фота Уладзіміра Хільмановіча