Пад заступніцтвам Арханёла Міхаіла



Грэцыя вядома сваімі выспамі. І гэта нядзіўна: акрамя адпачынку на беразе мора, дзе больш за 300 сонечных дзён у годзе, на гэтых выспах ёсць шмат цікавага для вока турыста.

Сімі. Гэта невялічкая выспа ў Эгейскім моры, якая захоўвае вялікую святыню – двухметровую цудатворную ікону Арханёла Міхаіла. Яе можна пабачыць у манастыры Панарміціс, які быў заснаваны ў XIV стагоддзі і носіць назву бухты, у якой месціцца.

Сёння манаскага жыцця ў Панарміцісе няма, але ў галоўным саборы манастыра рэгулярна праводзяцца службы. Гэта адно з найпапулярнейшых месцаў паломніцтва ў Грэцыі. Людзі з розных куткоў свету з’язджаюцца сюды прасіць цудадзейнай дапамогі, здароўя ці падзякаваць за іх. Таксама Арханёл Міхаіл лічыцца ў сімійцаў заступнікам усіх маракоў.

На тэрыторыі манастыра Панарміціс ёсць 2 музеі – царкоўны і музей быту, якія таксама варта наведаць.

Іна Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі