Падарожжа да Індуры



Мястэчка Індура, што ў 25 кіламетрах ад Гародні заўсёды прываблівала сваёй прыгажосцю. Яго знаходжанне па дарозе з Гародні ў бок Бераставіцы выбіць не толькі аўтамабільнага турыста, але і турыста-раварыста. Па выгляду сучаснае мястэчка мае гісторыю, што цягнецца на пяць староддзяў. Згадкі пра Індуру, як двор маршалка Яна Давойновіча сягаюць у пачатак 16 стагоддзя.

Царква і касцёл, што дзейнічаюць ў Індуры, паказваюць хрысціянскае жыццё мястэчка – сённяшняй вёскі. Царква Аляксандра Неўскага пабудавана напрыканцы ХІХ стагоддзя, а Троіцкі касцёл ў 1815 годзе, аднак першы, яшчэ драўляны Троіцкі касцёл ў мястэчку паўстаў тут яшчэ ў 1522 годзе.

Аднак казаць толькі пра хрысціянскае жыццё ў мястэчку – гэта як казаць палову праўды. Індура вядома як адзін з габрэйскіх цэнтраў. Тут раней была сінагога, 4 габрэйскія малітоўныя дамы, каля дзесятка розных карчмоў, вінакурня, бровар. І габрэйскае рэлігійнае жыццё тут вядома яшчэ з ХVIII стагоддзя  – тут жыў знакаміты цадзік Хайкель (Хаім) Індурскі, да якога з’язджаліся хасіды з усяго Вялікага Княства Літоўскага.

А сёння ад былой габрэйскай велічы засталіся толькі рэшткі сінагогі, што схавалася недалёка плошчы мястэчка. Вокны будынку забітыя, і бачна, што ніхто не збіраецца яе аднаўляць. А суседнія будынкі, што стаяць побач – пабудаваныя з цэглы ідэнтычнай той, з якой пабудаваны гэты будынак.

На ўскрайку мястэчка можна пабачыць таксама старыя габрэйскія могілкі, дзе на ідышы і іўрыце можна прачытаць імёны славутых жыхароў Індуры.

Нельга забыцца пра тое, што маем яшчэ легенду, звязаную з гэтым мястэчкам. Спартовая дысцыпліна матацыклетнага і роварнага спорту мае назву Эндура, што сугучна з назвай мястэчка. І некаторыя краязнаўцы кажуць, што стваральнік дысцыпліны, ці яго продкі пахадзілі з гэтага мястэчка. Аднак навуковая назва дысцыпліны паходзіць з лацінскага слова indurare – вытрымаць.

Аднак легенда цікавая, і можна, абапіраючыся на гэтае лацінскае слова, назваць Індуру мястэчкам, якое вытрымае ўсе выпрабаванні.

Беларускае Радыё Рацыя