«Падарожжа дылетанта» у мястэчка Сіроціна



Новае «Падарожжа дылетанта» накіраваласяў вёску Сіроціна, якая знаходзіцца ў Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці. У гэты раз Юрый Жыгамонт распавядзе цікавую гісторыю мястэчка, якое ў перыяд найбольшага росквіту 250 год таму нават атрымала ад караля Рэчы Паспалітай Магдэбургскае права.

Упершыню Сіроціна ўзгадваецца ў 17 ст., і ўжо ў той час на гэтым месцы знаходзілася уніяцкая царква. Раней вёска была ўласнасцю шляхцічаў Грабніцкіх. І адзін з прадстаўнікоў роду – Урбан Антоній Грабніцкі дабіўся аўдыенцыі ў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага з мэтай атрымання для Сіроціна Магдэбургскага права. 12 студзеня 1767 года яно ўступіла ў сілу, а вёска разам з ім атрымала і свой герб, які сёння з’яўляецца гербам усяго Шумілінскага раёна. Арыгінал прывілея на Магдэбургскае права захаваўсяі зараз знаходзіцца ў Віцебскім абласным музеі.

Больш цікавага пра вёску Сіроціна вы даведаецеся у новым выпуску. Нагадаем, што са студзеня 2017 года праграма «Падарожжа дылетанта» ствараецца пры падтрымцы velcom і выходзіць на партале TUT.BY два разы на месяц.Новыя выпускі таксама можна ўбачыць на персанальнай старонцы Юрыя Жыгамонта ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі».