Падарожжа ў Чарнобыльскую зону (фотарэпартаж)



26 красавіка 1986 года адбылася найбуйнейшая радыяцыйная аварыя ў гісторыі чалавецтва – Чарнобыльская катастрофа. Яна закранула лёсы мільёнаў беларусаў. Праз 30 гадоў пасля аварыі мы наведалі эпіцэнтр тых страшэнных падзей – ЧАЭС, Чарнобыль і Прыпяць, каб на ўласныя вочы пабачыць, што сёння ўяўляюць сабой тыя мясціны, дзе шчаслівае жыццё нечакана абарвалася двума выбухамі.

Ва Украіне экскурсіі ў Чарнобыльскую зону пастаўлены на турыстычныя рэйкі. Гэта добры заробак для людзей, якія суправаджаюць турыстаў. Індывідуальная экскурсія можа каштаваць да 500 даляраў.

Каб трапіць у 30-кіламетровую зону, неабходна праехаць праз КПП, дзе ў кожнага правяраюць пашпарт і даведваюцца, з якой нагоды вы едзеце ў „Зону”. Вядома, без правадніка вас ніхто не прапусціць.

КПП Дзіцяткі

Пасля праходжання КПП заязджаем у горад Чарнобыль. Тут жывуць часовыя працаўнікі, якія зараз будуюць новы саркафаг, і тыя, хто абслугоўвае зону. Горад жывы, хоць закінутых дамоў тут вельмі многа. Яшчэ з часоў аварыі ўнутры засталося рознае смецце – паламаныя шафы, сталы, крэслы. Усё каштоўнае, што можна было вынесці, ужо даўно вынесена. Замер дазіметрам паказаў, што радыяцыйны фон у Чарнобылі такі ж, як і ў беларускім Брагіне – 0,2 мкЗв/г (бяспечная норма – да 0,1 мкЗв/г).

Мы прыпыняемся, каб зрабіць страхоўку і аддаць квіток аб аплаце нашай экскурсіі (6500 грывен).

Выязджаем на пляцоўку да самой станцыі, якая знаходзіцца ў 12 кіламетрах ад Чарнобыля. Уздоўж дарогі стаяць знакі, на якіх можна прачытаць пра кожную вёску, пахаваную тут. З асфальту просяць не сыходзіць – фон тут у разы вышэй, чым у Чарнобылі.

Пахаваная вёска

Пры пад’ездзе да ЧАЭС бачым сухія дрэвы. Гід распавядае, што менавіта тут пахаваны „Рыжы лес”, які прыняў на сябе вялікую дозу радыяцыі пасля выбуху. Новыя дрэвы, якія растуць на гэтым месцы, таксама сохнуць і паміраюць.

З другога боку мы бачым недабудаваныя градзірні (вежы для ахалоджвання гарачай вады), 5-ы і 6-ы энергаблокі. Трошкі далей заўважаем і 4-ы энергаблок, той самы, які выбухнуў. Да яго мы і накіроўваемся.

Непасрэдна каля станцыі зноў глядзім на паказчыкі дазіметра, яны зашкальваюць – 7,7, што ў 70 разоў вышэй за норму. У гэтым месцы ўсталяваны помнік героям Чарнобыля. Пакуль мы замяралі фон, прыехаў аўтобус (дарэчы, беларускі МАЗ) забіраць змену работнікаў са станцыі.

МАЗ

Стары саркафаг 4-га энергаблока быў разлічаны на 30 гадоў. Новы яшчэ толькі дабудоўваюць, але абяцаюць, што ў 2016 годзе ён на рэйках „наедзе” на энергаблок і пахавае яго пад сабой яшчэ на 100 гадоў.

Помнік і 4 энергаблок

Апошні пункт нашай паездкі – вядомы на ўвесь свет горад-прывід Прыпяць. Перад уездам праходзім яшчэ адзін КПП.

Прыпяць

Сам горад уяўляе сабой спалучэнне бетонных каробак панэльных дамоў савецкіх часоў і прыроды, якая тут стала новым уладаром.

Прыпяць

Нас адразу папярэджваюць, што заходзіць у дамы нельга, бо ўсё можа абваліцца ў любы момант. Таксама нагадваюць глядзець пад ногі – люкаў даўно няма, а наступаць на мох непажадана – ён накаплівае радыяцыю і можна проста на выездзе застацца без абутку, які з-за высокага фона прыйдзецца пакінуць у зоне.

Нягледзячы на тое, что ў горадзе ўжо 30 гадоў ніхто не жыве, назваць яго мёртвым нельга – бесперапынна і неверагодна гучна спяваюць птушкі, часам праязджаюць машыны. Пасля заканчэння працоўнага дня ў Прыпяць трапіць нельга. У горадзе свая сістэма аховы, ёсць нават конная міліцыя. Штогод у Прыпяці ловяць так званых „сталкераў”, якія рознымі шляхамі трапляюць сюды. Штрафы вялікія, але гэта не палохае аматараў экстрыму.

Уражваюць і графіці ў горадзе-прывідзе. У кастрычніку 2005 года маскоўскі фатограф і 6 мастакоў з Масквы, Менска і Берліна за два дні намалявалі з дзясятак графіці. Сваімі працамі мастакі паспрабавалі адлюстраваць жудасную рэчаіснасць. Сёння ўсім гэтым людзям забаронены ўваход ў 30-кіламетровую зону. Дарэчы, усе парушальнікі ўносяцца ў „чорны спіс”.

Вяртаемся на КПП Дзіцяткі, дзе кожны праходзіць дазіметрычны кантроль, асобна правяраюць і аўтамабіль. Так завяршаецца наша паездка ў месцы, якія сваім існаваннем нагадваюць аб трагедыі 30-гадовай даўніны.

Беларускае радыё Рацыя. Фота Хлябца Максіма