Палац, які чакае на свайго новага гаспадара



Гэты палац будаваўся ў Полацку ў другой палове 30-х гадоў, калі старажытны горад на Дзвіне быў практычна памежным – зусім недалёка праходзіла мяжа з Польшчай. З тае прычыны горад ператварылі ў вайсковую казарму. Каб паказаць магутнасць і веліч савецкай арміі, відаць, і паўстаў гэты гмах з калонамі ў лепшых традыцыях класіцызму.

dsc00498

Напачатку 90-х беларускае вайсковае ведамства было ўжо не ўстане ўтрымліваць такі сур’ёзны аб’ект. А галоўнае – ён быў яму абсалютна непатрэбны. І для полацкага Дома афіцэраў пачаліся блуканні ў пошуку свайго далейшага лёсу. Адзін час яго арэндаваў прыватны ўніверсітэт. Затым тут адбываліся заняткі суседняй дзіцячай музычнай школы. Але ніводная больш менш сур’ёзная мясцовая ўстанова не магла ўзяць будынак на свой баланс. Гмах патрабаваў капітальнага рамонту. Ды і само ўтрыманне яго каштавала немалых сродкаў.

Існавалі розныя планы далейшага выкарыстання Дома афіцераў – ад стварэння тут музея гісторыі Полацка, да паўставання на яго базе ўласнага полацкага прафесійнага тэатра. Нічога з гэтых планаў рэалізаваць не ўдалося. Бо неўзабаве Полацак пазбавілі статуса горада абласнога падпарадкавання, зрабіўшы яго звыклым райцэнтрам, а затым Беларусь накрыў магутны эканамічны крызіс. У краіне стала не да музеяў і тэатраў.

І сёння полацкі Дом афіцэраў працягвае цярпліва чакаць вырашэння свайго лёсу.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара