Панаджы. Партугальская пальчатка на індыйскай руцэ



Найлепшае ўяўленне пра горад даюць не парадныя праспекты і плошчы для мілітарных парадаў, не шыкоўныя палацы і пралетарскія раёны. Трапляючы на новае месца, я заўсёды імкнуся агледзіць самыя старыя будыны, а таксама могілкі і базар. Стан гістарычных будынаў напэўна засведчыць пра павагу ці непавагу да спадчыны продкаў, стан могілак – пра павагу ці непавагу да Дзядоў. А базар – і пра мясцовыя норавы, і пра дабрабыт, і, вядома ж, пра кулінарныя ўпадабанні месцічаў.

Панаджы, сталіца самага маленькага індыйскага штата Гоа – гэткая партугальская пальчатка, нацягнутая на індыйскую руку. Прынамсі, такая нечаканая асацыяцыя ўзнікла ў мяне падчас шпацыраў па цэнтры горада.

Індыйцы складаюць абсалютную большасць парафіянаў тутэйшых касцёлаў, збудаваных яшчэ ў ХVI – XVII стагоддзях паводле канонаў лісабонскага барока. Найпапулярнейшая бажніца сярод тутэйшых індыйцаў-католікаў – велічная базіліка святога Францішка-Ксаверыя XVII стагоддзя; таго самага, на чый гонар высвечаная гарадзенская Фара.

У каланіяльных дамках эпохі аўгусцейшых манархаў Альфонса Пераможцы і Марыі Набожнай можа месціцца і індыйская майстэрня, і мусульманская крама, і салон мумбайскіх ювеліраў, і тыбецкі гандэлак. На мясцовых каталіцкіх могілках усе імёны – спрэс партугальскія, але гэта не значыць, што там пахаваныя выключна партугальцы; індыйцы, якія масава пераходзілі ў каталіцтва яшчэ за місіянерскімі часамі Францішка-Ксаверыя, звычайна бралі імёны і прозвішчы каланізатараў.

А самае, бадай, моцнае ўражанне, пакідае мясцовы рынак. Шалікі з Кашміра, спецыі з Раджастана, трыкатаж з Бангалора, вярблюджыі скуры з Гуджарата… І процьма садавіны і гародніны, пра існаванне якіх я раней ніколі і не чуў. Гандлявацца на панаджыйскім рынку – гэта, найперш, пацвярджэнне ўласнай адэкватнасці; чалавек, які пагаджаецца адразу заплаціць прапанаваную суму, у разуменні тутэйшых – псіхічна хворы, і мець з ім далейшыя стасункі небяспечна.

Як будзеце шпацыраваць па Панаджы, не палянуйцеся знайсці на набярэжнай помнік абату Фарыа – герою рамана А. Дзюма “Граф Монтэ-Крыста”. Абат Фарыа – не літаратурная выдумка вялікага французскага пісьменніка, а гістарычны персанаж, які нарадзіўся і жыў у Панаджы і, апроч усяго іншага, праславіўся яшчэ і неверагоднымі гіпнатычнымі здольнасцямі. Падчас Вялікай Французскай рэвалюцыі абат Фарыа браў удзел у штурме Бастыліі, за што і патрапіў у турму, у каторай памёр.

Але ж месцічы Панаджы паставілі яму помнік не як літаратурнаму персанажу і не як удзельніку штурму знакамітай турмы. Для горада і штата абат Фарыа – улюбёны нацыянальны герой, які напачатку ХІХ стагоддзя ўзначальваў паўстанне супраць партугальскіх каланізатараў.

Гэткі мясцовы Кастусь Каліноўскі.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя