Парфенон як галоўная крыніца дабрабыту Афінаў



Парфенон – з той серыі помнікаў, дзе прагнаму да сэлфі турысту трэба пабываць абавязкова. Сфоткацца на тле шчарбатай калоны, прыгадаць нешта са школьнага курсу гісторыі, паслухаць аповед гіда пра Перыкла і Фемістокла…

А цяпер, крыху арыфметыкі. Квіток, які дае права наведваць Парфенон і яшчэ пяць афінскіх музеяў, каштуе 30 еўра. Штогод Парфенон аглядае каля чатырох мільёнаў турыстаў. Такім чынам, толькі квіткі на Акропаль прыносяць Афінам 120 мільёнаў еўра штогод. Калі дадаць да гэтай сумы прыбыткі ад продажу сувеніраў, даведнікаў, паштовак і магніцікаў з выявай Парфенона, а таксама гешэфты шматлікіх кафэ, якіх пад Акропалем мо колькі тысяч, атрымаецца сума, якая напэўна прымусіць зжаўцець ад зайздрасці арабскага шэйха, уладальніка нафтавага радовішча…

Але, прэч пошлую арыфметыку!

Парфенон сапраўды прыўкрасны, і ён варты таго, каб яго агледзіць. Дый не толькі яго: з Акропаля адкрываецца фантастычны краявід сучасных Афінаў, прытым некаторыя помнікі антычнасці выглядаюць з тае гары нават эфектней, чым зблізу. Вока адразу чапляецца за храм Гефеста, калоны форума Адрыяна і, натуральна, гару Лікавітас. А сам Парфенон цяпер у будаўнічых рыштаваннях,  яго вось ужо каторы год рэстаўруюць. Праўда, рэстаўрацыя гэтая выклікае шмат нараканняў: на месцы страчаных калон часоў Калікрата і Фідыя рэстаўратары стаўляюць новыя, вытачаныя з бялюткага мармура па найсучаснейшых тэхналогіях. Глядзяцца тыя калоны недарэчна і бязглузда – бы штучная сківіца ў роце старэчы, сярод у нейкі цуд ацалелых зжаўцелых натуральных зубоў.

Турысты робяць бясконцыя сэлфі, а некаторыя “на добры ўспамін” набіваюць кішэні кавалкамі мармуру, які шчодра раскіданы па ўсім Акропалі. Праўда, далёка не ўсе яны ведаюць, што мармур гэты таксама сучасны. Штотыдзень на Акропаль прывозяць колькі грузавікоў мармуровага граверу – менавіта ў якасці дармовых падарункаў. Інакш бы чатыры мільёны турыстаў, якія аглядаюць Парфенон штогод, даўно раструшчылі б той храм на сувеніры.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя