Паўлінава: шматлюдная вёска ў двух дамах



Не сказаць, каб вёска Паўлінава Баранавіцкага раёна была зусім невядомай. Усё такі тут знаходзіцца гісторыка-культурная каштоўнасць – сядзібны ансамбль Бохвіцаў канца 19 – пачатку 20 стагоддзя, які нязменна прысутнічае на турысцкіх мапах. Але пра Паўлінава можна распавесці куды больш цікавых рэчаў. Напрыклад, амаль усе жыхары вёскі жывуць у двух дамах. Чаму так? І чаму самых неабыякавых з іх злуе, калі турфірмы вязуць да палаца турыстаў?

1_palac

10_vojska

Бохвіцы і праўда саслужылі Паўлінаву як населенаму пункту неацэнную паслугу. Калі Ян Атон Бохвіц купіў тут маёнтак, ні пра якую вёску гаворкі яшчэ не вялося. Ягоная бурная дзейнасць прывяла да таго, што невялікі маёнтак ператварыўся ў неагатычны палац з паркам, садам, уласным вадасховішчам і вялікай колькасцю гаспадарчых пабудоў. Усё гэта трэба было абслугоўваць, таму ў Паўлінава, названае ў гонар маці Яна Атона, пацягнуліся людзі.

Так, напрыклад, тут пасяліліся бацькі Крысціны Габрынеўскай. Бацька Лука быў садоўнікам, прыехаў сюды з-пад Слоніма. Крысціна прыгадвае, што панскі парк і сад даглядалі ажно два садоўнікі. Іншыя людзі працавалі ў стайні, кароўніку, на смалакурні, млыне. Хтосьці прыходзіў з суседніх вёсак, хтосьці будаваўся паблізу маёнтка. Так фарміравалася новая вёска.

2_kryscina

Крысціна Габрынеўская – адна з найстарэйшых жыхароў Паўлінава

Пасля вайны маёмасць Бохвіцаў адышла савецкай дзяржаве і яе засялілі вайскоўцы. У выкшталцонай панскай сядзібе спачатку вучылі інтэндантаў, пасля зрабілі шпіталь. У іншых будынках ансамбля размясціўся санаторый агульнасаюзнага значэння – таксама ваенны. А непадалёк пабудавалі яшчэ і склады.

У Паўлінава пацягнуліся на працу і сталае месца жыхарства савецкія вайскоўцы са сваімі сем’ямі. Так, яшчэ адна наша субяседніца Любоў Рыжакова нарадзілася ў 1951 годзе. Яе бацька прыехаў сюды на службу ў 1947, а маці перавёз пасля вяселля ў 1949-м. Трэба думаць, Паўлінава расло імкліва, калі па перапісе 1959 года тут ужо жыло больш за дзве сотні чалавек.

Такой колькасці людзей трэба было недзе жыць, таму Паўлінава расло як на дражджах. Нехта будаваўся сам, але збольшага новыя вуліцы ўтвараліся з дзяржаўнага жытла – “фінскіх домікаў” для лекараў і начальнікаў, чатырохкватэрных дамоў і баракаў для астатніх. Але ў сучасным Паўлінаве мы нічога такога не знойдзем. На месцы тых дамоў цяпер вялікі пустыр, заняты агародамі.

11_pustyr

Пустыр справа – месца, дзе стаялі дамы да руйнавання ў сярэдзіне 60-х

3_stend

Фрагмент тэматычнага стэнду сельскай бібліятэкі. На здымках добра відаць прыватныя дамы, якіх больш няма

Адзін з тутэйшых начальнікаў у сярэдзіне 60-х гадоў вырашыў, што паўлінаўскія вайскоўцы сталі занадта падобныя на сялян: завялі агароды, дамашнюю жывёлу, набудавалі ля сваіх дамоў хлявоў. У тыя часы, відаць, яшчэ верылі ў хуткі надыход камунізму, і актыўны начальнік вырашыў наблізіць непазбежнае. У Паўлінаве пабудавалі два вялікія дамы – адзін на пяць паверхаў, другі на тры – і перасялілі ўсіх вяскоўцаў туды, “каб жылі, як пралетарыі”, прыгадвае Любоў Рыжакова. А са старымі дамкамі пакінулі разбірацца савецкім танкам.

Такога сумнага канца ўдалося пазбегнуць толькі малой купцы дамоў, што стаялі наводдаль, на хутары. Толькі яны, акрамя панскай сядзібы, і нагадваюць, што гісторыя Паўлінава не абмяжоўваецца 1965 годам.

4_hutar

Былы хутар

Сам жа некалі вёскаўтваральны палац Бохвіцаў – гэта цяперашняя балючая кропка для паўлінаўцаў. Пакуль былы маёнтак меў гаспадароў, хараство, створанае мінулымі ўласнікамі, падтрымлівалася ў парадку. Нават стары панскі садоўнік Лука працягваў працаваць, і ў старым узросце кіраваў аравамі школьнікаў, што праходзілі на тэрыторыі санаторыя летнюю практыку. “Тут была такая прыгажосць, тут так жыццё кіпела, што мы думалі, нікуды адсюль не з’едзем. Бо ўжо ад добрага яшчэ лепшага не шукаюць”, – распавядае Любоў Рыжакова.

Як рай на зямлі запаміналі Паўлінава і пацыенты ваеннага санаторыя ды шпіталя, а таксама іх дзеці, што прыязджалі сюды ў піянерскі лагер. Здараеццца, гэтыя дзеці, што сталі дарослымі, прыязджаюць сюды зноў, каб паказаць прыгожае месца жонкам ці дзецям. Вось толькі замест дагледжанага парку знаходзяць зараснікі са змеямі, у вадаёме больш нельга купацца, а на месцы густоўнага палаца – аблезлы будынак без вокнаў, ушчэнт разрабаваны знутры. Цяжка паверыць, што да стану амаль руінаў сядзіба Бохвіцаў дайшла за нейкія 20 год – пасля таго, як адсюль у 1995 годзе сышлі вайскоўцы. Спачатку тут яшчэ патрымалі вартаўнікоў, а пасля і на іх забракавала грошай. Пачалося татальнае рабаўніцтва. У той жа час дзічэў і губляў культурны выгляд парк.

5_ladounia

Былая панская лядоўня ў здзічэлым парку

Любоў Рыжакова, калі згадвае, што сюды з Менска прывозяць турыстаў, то пачынае злавацца: “На што яны вязуць глядзець? На руіны? Сюды дваццаць год таму трэба было везці. І паставіць ахоўніка з ружжом, каб нічога не выносілі”. Маім субяседніцам незразумела, як можна было не захаваць тое, што не патрабавала вялікіх фінансаў на ўтрыманне. “Тут можна было зрабіць дзіцячы лагер. Можна было нешта для пенсіянераў. Ды тут мільён “можна”! Але не зрабілі. Была і вада, і электрычнасць, патрабаваўся толькі дробны касметычны рамонт”.

У гісторыка-культурную каштоўнасць выдзелены ўвесь комплекс, але цяпер ён раздзелены паміж рознымі гаспадарамі. Напэўна, так і лепш: прынамсі некаторыя з іх вядуць рамонт памяшканняў. Напрыклад, занава атынкаванай і накрытай металічнай дахоўкай мы знайшлі стайню. Адзнакі будаўнічых прац ёсць і на некаторых іншых будынках. Шкада толькі, што арганічнасць ансамбля згубіцца, асабліва з-за агародж.

6_ramont

Але цэнтр ансамбля – палац – уяўляе сабой сапраўды сумнае відовішча. Кажуць, цяперашні ўласнік, Інстытут правазнаўства, паставіў яго на продаж, так што лёс неагатычнага дома працягне заставацца цьмяным. Старажылам зразумела адно: інстытут нічога не зрабіў для захавання каштоўнасці. Хіба што металічныя дзверы паставіў.

7_palac

Толькі металічныя дзверы выдаюць, што ў будынка ёсць уласнік

Хоць паўлінаўцы з веданнем справы і кажуць “няма таго, што раньш было”, вёска ўсё роўна зачароўвае. Знаходзячыся ў цішыні і пахучасці саснова-яловага лесу, цяжка паверыць, што ўсяго ў кіламетры-двух адсюль праходзіць шумная аўтастрада Берасце-Масква. Месца лічыцца санаторным, тут ёсць некалькі дзіцячых лагераў (праўда, не ўсе працуюць), а таксама “атлантаўскі” санаторый “Чабарок”.

З настальгіі па дзіцячых гадах пабудаваў сабе тут спачатку лецішча, а пасля і аграсядзібу Валер Аніпчанка з Баранавіч. Ён – таксама мясцовая знакамітасць, бо мае цікавае хобі збіраць і рэстаўраваць антыкварную мэблю.

9_siadziba

Новабудоўля на сядзібе Аніпчанкаў.

8_anipchanka

Валер Аніпчанка збірае не толькі цэлую мэблю, але і яе фрагменты

І ўсе чатыры домікі на тэрыторыі аграсядзібы Валер таксама пабудаваў сам. Карункавае аздабленне апошняга, стылізаванага пад панскія сядзібы мінулых стагоддзяў, упрыгожвае, напэўна, не толькі адзін гэты будынак, але цэлую вёску. Гэта прамое сведчанне, што жыццё не стаіць на месцы. У чымсьці нашыя вёскі, як і людзі, губляюць, у чымсьці знаходзяць.

Але хочацца, каб гублялі найменш.

12_les

Іна Хоміч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара