Перліна беларускага сакральнага дойлідства



Полацкая царква Святога Спаса або Спаса-Еўфрасіннеўская царква была пабудавана ў XII ст. і часткова перабудавана ў XVII—XIX ст.ст. (змянілася канструкцыя даху і форма купала). Царква з’яўляецца часткаю комплекса Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, які быў заснаваны побач з Полацкам на правым беразе ракі Палата ў 1120-я гады.

Паводле летапісных крыніцаў, царкву збудаваў полацкі дойлід Іаан на заказ прападобнай ігуменні Еўфрасінні Полацкай. Храм захаваўся амаль цалкам, пэўныя перабудовы адбыліся толькі ў верхняй частцы.

У Полацку ёсць помнікі і Св. Еўфрасінні Полацкай, і дойліда Іаана, таксамі іх імёнамі названыя вуліцы.

Амаль на працягу ўсяго ХХ стагоддзя ў царкве Святога Спаса захоўваліся мошчы Св. Еўфрасінні Полацкай. Цяпер рака з мошчамі стаіць у суседнім Крыжаўздвіжанскім саборы.

05228

Асаблівую гістарычна-мастацкую каштоўнасць Спаса-Еўфрасіннеўская царквы маюць фрэскавыя роспісы XII ст. — унікальны твор манументальнага мастацтва сусветнай значнасці. Сцены храма распісаны выявамі святых і біблейскіх сюжэтаў.

DSC00198

Першыя працы па раскрыцці фрэскавага роспісу былі зроблены яшчэ ў 1929 годзе, але планамерная рэстаўрацыя сценапісу пачалася толькі ў пачатку 1990-х гадоў. Узначаліў яе менскі мастак-рэстаўратар і даследчык Уладзімір Ракіцкі. У 2007 годзе ў мэтах паскарэння раскрыцця фрэсак да работ былі далучаныя маскоўскія спецыялісты пад кіраўніцтвам мастака-рэстаўратара Уладзіміра Сараб’янава. На жаль, летась ён пайшоў з жыцця, але паспеў выканаць асноўныя працы на царкве і напісаць кнігі пра ўнікальныя фрэскі.

Сёння практычна ўвесь старажытны роспіс Спаса-Еўфрасіннеўская царквы адкрыты і дзівіць сваёй мастацкай дасканаласцю. Штогод, каб пабачыць перліну беларускага сакральнага дойлідства, у Полацак прыязджаюць тысячы паломнікаў са ўсяго свету.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Васіль Кроква