Пілігрымка ў Славакію



Група пілігрымаў беларускай  грэка-каталіцкай царквы прыняла ўдзел у традыцыйным святкаванні ў гонар  Маці  Божай і Святога Мікалая  ў вёсцы Люціна Славацкай Рэспублікі. Узначаліў пілігрымку архімандрыт грэка-каталікоў Беларусі айцец Сяргей Гаек.

У гэтым месцы збіраюцца вернікі ўсяго свету. Набажэнства адбывалася два дні. Святочная працэсія прайшла з базылікі да месца з’яўлення   Маці  Божай і Святога Мікалая. Там прайшла архіерэйская літургія. Яе ўзначаліў грэка-каталіцкі арцыбіскуп мітрапаліт Прэшэўскі Ян Бабек. У набажэнстве прынялі ўдзел тысячы чалавек,  біскупы і святары з розных краін,  кажа дыякан Івацэвіцкай парафіі Вячаслаў Гарчакоў:

– Гэта месца, куды прыходзяць паломнікі пакланіцца Маці Божай, якая з’явілася тут. Якраз на гары ёсць месца яе з’яўлення, туды заўсёды і ідуць паломнікі. Таксама гэта месца звязана са святым Мікалаем, які з’явіўся адной беднай жанчыне з трыма дзецьмі. Яна ў свята пайшла ў лес назбіраць грыбоў, каб накарміць сваіх галодных дзяцей. І ёй з’явіўся святы Мікалай, які кардынальна змяніў далейшы лёс жанчыны.

Паўсюль гучалі ўперамешку славацкая, чэшская, венгерская, ангельская, беларуская і іншыя  мова. Усім было зразумела, што гаварыў на пропаведзі мітрапаліт грэка-каталікоў Славакіі, які вёў набажэнства. У малітве за мір ва ўсім свеце ўспаміналі і нашу суседку – Украіну.

Алеся Адамчук, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі