Пладова-ягаднае шаленства на Бесарабцы



Храшчацік, галоўная вуліца Кіева, пачынаецца ад Майдана і заканчваецца Бесарабскім рынкам, ці Бесарабкай, як яго яшчэ называюць. Што ў нечым і сімвалічна, бо ілюструе ці не галоўныя нацыянальныя рысы ўкраінцаў: прагу да свабоды і прыхільнасць да гастранамічнай вытанчанасці.

Гісторыя кіеўскай Бесарабкі і менскай Камароўкі ў нечым падобныя. І там, і там напрыканцы 19 стагоддзя стаялі трушчобы, якія мелі рэпутацыю месцаў змрочных, антысанітарных, а ў цёмны час сутак – яшчэ і небяспечных. І Бесарабка, і Камароўка набылі свае рыначныя статусы каля ста гадоў таму. І кіеўскі рынак, і менскі прапануюць пакупнікам практычна ўсе прадукты земляробства, якія можна купіць за грошы.

Але паміж гэтымі рынкамі ёсць вялікая розніца. Наша Камароўка – рынак вялікі, дэмакратычны і шматлюдны. А вось Бесарабка лічыцца ў Кіеве месцам элітным: закупляюцца тут пераважна людзі з дыпламатычных прадстаўніцтваў, а таксама кухары ўкраінскіх алігархаў, скарумпаваных чыноўнікаў і эстрадных зорак. Ва ўкраінскай сталіцы ёсць нават прымаўка: “Дорага, бы на Бесарабцы!”

Тым не менш, Бесабарскі рынак варты таго, каб агледзіць яго як турыстычны аб’ект, асабліва ўлетку.  Летняя Бесарабка — гэта буянства фарбаў і шаленства водараў, гэта Рэмбрандт і Сезан, Рэнуар і Піросмані, Петэрс і Хруцкі. Сакоўныя стрэлы цыбулі, панская раскоша памідораў, пупырчатыя гуркі, мармуровая ялавічына, шляхотная бронза вэнджанай рыбы…

Толькі вось шыльдачкаў з коштамі, звыклых па той жа Камароўцы, вы тут не зойдзіце. Кажуць, што па кожным тавары трэба дамаўляцца асобна. Але ж, хутчэй за ўсё, кошты не пазначаюць, каб выпадковы чалавек, дазнаўшыся пра кошт сала ў 20 даляраў за кілаграм, не страціў прытомнасць…

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя