Полацак, які марыць пра свой турыстычны флот



Лёс Полацка непарыўна звязаны з ракой, на якой ён стаіць, – Дзвіной. У старажытныя часы жыццё горада моцна залежыла ад воднай артэрыі – перадусім гандлёвае і палітычнае. З дапамогай Дзвіны палачане трымалі сувязь не толькі з бліжэйшымі суседзямі, але нават са Скандынавіяй і Візантыяй.

Яшчэ ў ХІХ стагоддзі Дзвіна выконвала функцыі гандлёвага шляху, а Полацак быў адмысловым рачным портам. Найбольш зручна і выгадна па раце было сплаўляць лес у Рыгу, адкуль яго развозілі па еўрапейскіх краінах, найперш у Германію. Паводле полацкага краязнаўца Івана Дэйніса, у 1833 годзе ў Рыгу праплыла 450 суднаў і 137 плытоў на суму 1,5 мільёна тагачасных рублёў. У 1865 годзе праплылі праз Полацак 13300 плытоў лесу на суму 7,2 мільёна рублёў.

01234

Гравюра Напалеона Орды. Полацак. ХІХ ст.

З развіццём чыгуначнага транспарту значэнне перавозак па Дзвіне рэзка скарачаецца. Але ў пачатку ХХ стагоддзя ў Полацку па-ранейшаму была прыстань, ад якой рэгулярна курсавалі параходы да Віцебска.

013734

Малюнак полацкага краязнаўца Івана Дэйніса. Пачатак ХХ ст.

За савецкім часам параплаўны рух у Полацку з года ў год няўхільна знікаў. Хаця яшчэ ў 50-60-х гадах тут нярэдка можна было назіраць на рацэ моцныя рачныя буксіры і грузавыя баржы, з дапамогай якіх дасталялі ў горад будаўнічыя матэрыялы.

M3367S-4507

У ХХІ стагоддзі суднаходства ў Полацку практычна спыняецца. У нулявых гадах яшчэ час ад часу курсавалі па Дзвіне баржы з пяском, але і іх цяпер не пабачыш.

Летась Полацку пазычыў на месяц прагулачны цеплаход віцебскі рачны порт, на якім штодзень турысты мелі магчымасць зрабіць невялічкую вандроўку з Полацка да Наваполацка і назад. Са з’яўленнем гэтага цеплахода полацкі рачны краявід як бы ажыў. Відавочна, пара Полацку ствараць свой рачны турыстычны флот. Бо нездарма на гербе горада з даўніх часоў прысутнічае выява карабля.

Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара