Помнік палеглым у вайне 1812 года



Сама ідэя аднаўлення гэтага помніка ў Полацку выклікала гарачую дыскусію. Прыхільнікі казалі, што помнік – частка гісторыі горада, да таго ж яго зруйнавалі бальшавікі, таму абавязак палачанаў яго аднавіць. Іх апаненты не пагаджаліся з аднаўленнем і сваю пазіцыю тлумачылі тым, што гэта помнік расейскай імперыі і ў незалежнай Беларусі яму не месца.

Помнік у гонар перамогі над арміяй Напалеона быў адкрыты ў Полацку ў 1850 годзе. Падобных помнікаў у Расейскай імперыі было ўсталявана 16 – на месцах галоўных бітваў у вайне 1812 года. Помнік прастаяў у Полацку болей 80-ці гадоў, на пачатку 30-х ён быў зруйнаваны.

Ініцыятарам аднаўлення помніка ў сярэдзіне 90-х выступіў тагачасны старшыня Полацкага гарвыканкаму Уладзімір Тачыла. Увогуле гэта быў дзёрзкі праект, які патрабаваў не толькі вялікіх сродкаў, але і вымагаў аднавіць тэхналогію чыгуннага ліцця вялікіх канструктыўных элементаў. За справу ўзяўся полацкі завод «Тэхналіт». 21 траўня 2010 года помнік быў урачыста адкрыты.

Але манументу ўпарта не шанцуе. Спачатку, пры яго ўсталяванні, ўзніклі праблемы з выраўніванне стэлы – бо яна нахілілася. Потым пацямнелі восем двухгаловых арлоў, восем медалёў і шаснаццаць капітэляў калон. Каб вярнуць ім першапачатковы бляск іх прыйшлося перафарбоўваць. Некалькі разоў з’яўляліся шчыліны ў чыгунных калонах помніка.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў, які нарадзіўся ў Полацку і прысвяціў свайму роднаму гораду некалькі кніг, каментуючы аднаўленне помніка, сказаў, што з часам тут з’явяцца іншыя мемарыяльныя дошкі, якія распавядуць, што ў той вайне беларусы гінулі па абодва бакі варагуючых войскаў. Таму гэты помнік павінен быць прысвечаны ўсім палеглым у вайне 1812 года.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.