Познань – горад з беларускімі гісторыямі



Здаецца, што можа быць гістарычна агульнага ў Беларусі і ў такога заходняга польскага гораду як Познань. Аказваецца не так і мала. Згадаем, хаця б тое, што ў Познані ў 1532 годзе сядзеў у астрозе Францыск Скарына. Юрыдычныя праблемы ў беларускага першадрукара ўзніклі з тае прычыны, што па смерці брата Івана Скарыны, які жыў у Познані, на братаву маёмасць наклалі руку крэдыторы і Францыск вымушаны быў пачаць судовую спрэчку. У выніку крэдыторы дамагліся заключэння асветніка ў познаньскі астрог, беспадстаўна абвінаваціўшы яго ў тым, што ён быццам бы «ўзяў сабе ўсё дабро», якое засталося пасля смерці Івана, і ўхіліўся ад уплаты даўгоў. Толькі па хадайніцтву свайго пляменніка Рамана Скарыны, які аб’явіў сябе адзіным спадчыннікам бацькі Івана, асветнік быў вызвалены з-пад арышту па ўказу караля.

Не ведаю, ці захаваўся будынак таго астрогу да нашых дзён, але цікава было б яго пашукаць. Або, прынамсі, адшукаць адрас, па якім жыў у Познані брат Францыска Іван. Як раз у наступным годзе адзначаем 500-годдзе першай друкаванай кнігі Беларусі.

dsc00142

Наступная гісторыя аптымістычная, – менавіта ў Познані выйшла ў свет у 1894 годзе другая кніга Францішка Багушэвіча “Смык беларускі”.

Увогуле Познань – адзін з найстарэйшых польскіх гарадоў. Познаньскі Кафедральны сабор Святых Пятра і Паўла – найстаражытная царква краіны. Яго лёс падобны да лёсу полацкага Сафійскага сабора. Першапачатковы будынак познаньскага сабора, вядомы з Х стагоддзя, быў зруйнаваны падчас войнаў. А новы ўзведзены ў XIV—XV ст., але і пазней зазнаў шмат зменаў. У саборы знаходзяцца пахаванні першых каралёў Польшчы.  Відавочна, і ў Сафійскім саборы былі пахаванні полацкіх князёў, перадусім Усяслава, які той сабор пабудаваў. На жаль, гэтыя пахаванні да нашых дзён не захаваліся.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара