Прадажныя любошчы на Walking street



У шасцідзесятыя гады мінулага стагоддзя тут была звычайная тайская вёска з пірсам, які захаваўся і па цяперашні час. Ля пірса швартаваліся амерыканскія караблі, з караблёў сыходзілі марскія пехацінцы, якая ваявалі ў В’етнаме. На вайне марпехі відавочна згаладаліся па жаночых пяшчотах, а незакамплексаваныя тайкі з навакольных рыбацкіх вёсак былі згодныя прадаваць свае любошчы за смешныя 3-5 даляраў. Уладальнікі нягеглых прыбярэжных трушчобаў адразу скемілі, як можна зарабляць на пагадзіннай рэнце.

Так на ўскраіне тайскага горада Патая і ўзнікла Walking street – ці не самая вядомая ў свеце вуліца прадажных любошчаў.

Цяперашняя Walking street – гэта месца, дзе хціўцы са ўсяго свету могуць задаволіць самыя вычварэнскія патрэбы. Любошчы тут стандартызаваныя, уніфікаваныя і пастаўленыя на канвеер.

01_tajland

Вуліца прадажных любошчаў пачынаецца адразу за гэтай брамкай.

Цягучая і салодкая атмасфера разбэсты ахутвае наведвальнікаў Walking street адразу, бы аблока. Ужо за ўваходнай брамай да вас падлятае хлопчык гадоў дзесяці і суне ў рукі рэкламны буклет. Ілюстрацыі падкупляюць падрабязнасцямі і крыху нагадваюць Камасутру, толькі з каштарысамі. Для кліентаў з нетрадыцыйнай арыентацыяй ёсць бардэлі з хлопчыкамі, старымі цёткамі і, вядома ж, з трансвестытамі.

Чалавека недасведчанага першае знёмства з “трансам” можа ўвагнаць у ступар, асабліва, калі вы ўпершыню бачыце трансвестыта ў мужчынскай прыбіральні. Да пісуара падыходзіць вабная прыгажуня ў шыкоўнай сукенцы, прытым другасныя палавыя прыкметы сведчаць, што гэта сапраўды цётка і ніякага падману тут няма. Прыгажуня падымае спадніцу, і…

Кажуць, што ў такіх сітуацыях некаторыя асабліва ўражлівыя нават губляюць прытомнасць.

Зрэшты, адрозніць тайскага “транса” ад сапраўднай жанчыны даволі проста. У трансвестытаў на шыі заўсёды ёсць невялічкі шнар – большасць з іх абавязкова выдаляюць кадыкі, каб быць падобным да жанчын не толькі вопраткай.

Галоўныя наведвальнікі Walking street – японцы і расейцы. Першыя пазіраюць на свята разбэсты, наколькі ім дазвалюць вузкія вочы, але ж у публічныя дамы амаль не заходзяць. А вось шмат хто з расейцаў ходзіць у бардэлі штодня, бы на працу і абавязкова фатаграфуюцца з прастытуткамі, прытым іншым разам – у самых пікантных сітуацыях. А то якія здымкі ты потым павесіш у “кантактах” і “фейсбуках” у рубрыцы “Як я правёў адпачынак”?

Што тычыцца саміх работніц бардэляў, то на Walking street яны пераважна не тайкі. Большасць дзявуль – з суседніх Камбоджы і Лаоса, хаця сустракаюцца і крэолкі, і мулаткі, і нават еўрапейкі. Зарабляюць прастытуткі не так багата, як падаецца: большасць грошай ідзе сутэнёрам, а таксама на строі і касметыку.

Але ж, як сцвярджаюць на вуліцы прадажных любошчаў, не ўсе курвы прыходзяць сюды толькі з-за грошаў; ёсць і тыя, хто сапраўды любіць сваё рамяство і працуе з любові да мастацтва.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя