Радзіма бацькі Пана Кляксы



Пра Жмерынку, невялічкае мястэчка ў Вінніцкай вобласці, чулі ўсе — нават тыя, хто не здолее паказаць тую Жмерынку на мапе. У сучасным украінскім фальклоры Жмерынка згадваецца нават часцей за Кіеў з ягонай «бузіною» і «дзядзькамі».

«Дзе вы купілі такія прыгожыя чаравікі? У Парыжы? За дзве тысячы кіламетраў ад нашай Жмерынкі? Такая глуш і такая файная рэч!..» А фразеалагізм «Абуваць, як ката жмерынскага» азначае «вытанчана падмануць».

Цяперашняя Жмерынка — ціхае правінцыйнае мястэчка, дзе ёсць толькі тры адметнасці: чыгуначны вакзал, касцёл св. Аляксея і царква, збудаваная напачатку ХХІ стагоддзя. Людзей на вуліцах небагата; працы ў Жмерынцы няшмат, а тая, што ёсць, не дазваляе жыць годна. А таму з кожным годам усё больш і больш месцічаў выязджаюць на заробкі ў Польшчу; абвесткамі пра працаўладкаванне ў суседняй дзяржаве абвешаныя ўсе слупы. Яшчэ дзесяць гадоў таму ў мястэчку жыло трыццаць пяць тысяч чалавек, цяпер жа колькасць насельнікаў не перавышае і дваццаці пяці тысяч.

Але тыя жмерынчане, з якімі давялося пагаварыць, выяўляюцца вельмі добразычлівымі і гасціннымі. Таксіст, які вёз мяне да гатэлю, расказаў мне і гісторыю мястэчка, і пра знакамітых жмерынчанаў. А такіх, аказваецца, не так і мала: вынаходнік вайскова-палявой кухні Антон Турчановіч, акцёр Віктар Касцецкі (вядомы па агучцы Доктара Ліўсі ў мультсерыяле «Выспа скарбаў»), знакамітая оперная спявачка Тамара Янко…

Але найбольш знакамітага жмерынчаніна таксіст пакінуў мне на канец размовы.

— Памятаеш фільм «Акадэмія Пана Кляксы»? Фільм зняты па кніжцы такога польскага пісьменніка Яна Бжэхвы, а ён, як вядома, нарадзіўся…

— Няўжо ў вас у Жмерынцы? – не даў веры я.

Таксіст з хвіліну памаўчаў і адказаў мне ўкраінскай фразай, даслоўна перакласці якую на беларускую немагчыма:

— Так отож!..

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя