Рэшткі Крэўскага замка



Крэўскі замак – адзін з самых старадаўніх беларускіх замкаў, які быў збудаваны ў XIV стагоддзі. Гэта першы цалкам мураваны замак у Вялікім Княстве Літоўскім. На жаль, цяпер не даводзіцца казаць пра замак, а толькі пра яго руіны…

Кревский-замок     Рэканструкцыя Сергея Прышчэпы

Назва замка пайшла ад мястэчка Крэва (Смаргонскі раён), якое перадусім вядома як месца падпісання 14 жніўня 1385 года Крэўскай уніі. Тут жа, трыма гадамі раней, у 1382-ім, у замку быў забіты вялікі князь Кейстут. Пазней Крэўскі замак неаднаразова вытрымліваў аблогі татарскага і маскоўскага войскаў. Войны, якія праходзілі на беларускіх землях у розныя часы, таксама пакінулі ў гісторыі замка вельмі шмат слядоў. Таму паціху «перліна» Крэва страчвала сваё аблічча, і на сённяшні дзень ад замка захаваліся толькі часткі сцен і вежаў.

За сваё доўгае жыццё замак многа зведаў: славу і заняпад, аднаўленне і разбурэнне. Але, нягледзячы на ўсё, цікавасць да гэтага мястэчка і Крэўскага замка не меншае, і руіны калісьці велічнага замка працягваюць быць адной з прывабных турыстычных мясцін у Беларусі.

Іна Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі