Рукойны – касцёл, дзе хрысцілі Францішка Багушэвіча



Рукойны – даўняе мястэчка гістарычнай Віленшчыны, якое ляжыць на сярэдзіне шляху з Вільні ў Меднікі. Людзі тут размаўляюць на беларуска-расейска-польскай трасянцы, зусім так, як і ў многіх памежных рэгіёнах сучаснай Беларусі. Некалі рукойненскі святар Альфонс Тамулайціс казаў так пра мясцовых жыхароў: “Тутэйшы люд асаблівы: гаворыць па-беларуску, моліцца па-польску, мацюкаецца па-расейску, а жыве на Літве”.

Асноўнай візітоўкай Рукойнаў ёсць мясцовы касцёл. Менавіта тут быў ахрышчаны заснавальнік нашай літаратуры Францішак Багушэвіч. Адбывалася гэта вясной, у сакавіку, калі яшчэ ляжаў снег. Ехалі коньмі, ад фальварку Свіранаў да Рукойнаў вёрстаў шэсць. Хрысціў малога Француся ксёндз Юзаф Мікуцкі, які добра ведаў бацьку будучага паэта – Казіміра Багушэвіча, бо раней хрысціў яго старэйшых дзяцей. Хроснымі і кумамі былі блізкія суседзі і сваякі – Ігнат і Пентранэля Пастаевічы, Фелікс і Тэкля Галаўні.

Акрамя Багушэвіча з гэтым касцёлам завязана імя Паўла Ксаверы Берастоўскага (Бжастоўскага), грамадскага і дзяржаўнага дзеяча ВКЛ і Польшчы, аўтара вядомай аграрнай рэформы. Ён у сваім маёнтку Мерач (які пазней стаў звацца ў гонар гаспадара Паўлава) стварыў нешта кшталту асобнай рэспублікі, дзе сяляне карысталіся асабістай свабодай і самы кіравалі абшчынай. У гонар Берастоўскага на фасадзе касцёлу ўсталявана памятная шыльда.

Прыязджаюць у Рукойны не толькі такія адзінкавыя падарожнікі, як аўтар гэтага матэрыялу з сябрамі, але і цэлыя аўтобусныя экскурсіі. У наш прыезд якраз там была група школьнікаў, якія гаманілі па-летувіску. А ў самым мястэчку людзі жывуць сваім размераным жыццём.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара