Руткевічы – драўляная сядзіба і стары парк



Руткевічы – мясцовасць у сённяшнім Шчучынскім раёне. Даехаць сюды можна, збочыўшы ўправа з шашы, якая вядзе ад раённага цэнтра да Ражанкі. Праўда, зараз дарожны ўказальнік недзе знік. Ужо здалёк віднеюцца абрысы высокіх старых дрэваў, па якіх беспамылкова можна вызначыць месцазнаходжанне старой драўлянай сядзібы.

Вёска Руткевічы ведама з 1690 году. Тады тут было 6 дымоў, належала мясцовасць Станіславу Пяткевічу-Страбінскаму, а таксама Пятру і Уладзіславу Камінскім. У 19 стагоддзі тут паўстаў фальварак, які належаў роду Рыхлевічаў, на 1889 год тут было 12 жыхароў. У 1905 годзе маёнтак належаў ужо Улану-Малюніцкаму, адносіўся ён да Ражанкаўскай воласці. У 1940 годзе тут было 53 жыхары. Паводле іншых звестак маёнтак быў ва ўладанні генерала, удзельніка вайны 1812 году, пазней быў падараны Палонскім, роду якіх належаў да 1939 году да прыходу саветаў.

У савецкі час Руткевічы былі вядомыя сваім вінзаводам, а таксама эксперыментальнай базай, якая была створана ў 1966 годзе. А ў траўні 2007 году быў утвораны, а дакладней дакументальна зацверджаны Батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значання парк “Руткевічы”. Агульная яго плошча складае 5 гактараў. Уласна ж стары парк быў закладзены на земляных тэрасах яшчэ ў другой палове 18 стагоддзя. Да сёння тут акрамя звыклых дрэваў растуць розныя экзоты. Усяго налічваецца каля 80 відаў разнастайных дрэваў і кустоў. За паркам у нізіне ёсць дастаткова вялікая сажалка. Асноўная тэрыторыя парку абгароджана, але ў цэлым назіраецца запушчанасць. У самым парку з цяжкасцю можна адшукаць сляды даўніх гаспадарчых пабудоваў.

Старая драўляная сядзіба, у якой ня так даўно месціліся розныя культурныя ўстановы, у тым ліку сельская бібліятэка, зараз непрыдатная для выкарыстання. Мясцовымі сіламі яна больш-менш закансервавана, але відавочна патрабуе сур’ёзнай адбудовы і рэстаўрацыі.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара