Рымскі Форум у Афінах



Нашы ўяўленні пра турыстычныя адметнасці Афінаў абмяжоўваюцца школьным падручнікам: Парфенон, Асклепіён, Гекатампедон, тэатр Дыяніса… Рымскі Форум відавочна не ўваходзіць у гэтае меню.

А дарма: турыстаў тут заўсёды менш, чым каля Парфенону, а ўражанні той Форум пакідае, прынамсі, куды прыемнейшыя.

Збудавалі яго напрыканцы І ст. да нашай эры на сродкі Юлія Цэзара як гандлёвы, адукацыйны і забаўляльны цэнтр. Калі перавесці на сучасныя беларускія рэаліі – гэткі мікс менскай Камароўкі, менскай Нацыянальнай бібліятэкі і менскай Зыбіцкай у адным флаконе. Між іншым, бібліятэка на Рымскім Форуме лічылася ці не самай багатай ва ўсёй Грэцыі – яе фундаваў імператар Адрыян, вытанчаны эстэт і элініст.

Пасля шэрагу войнаў, нашэсцяў, закалотаў, рабаванняў, перабудоваў і землятрусаў Форум быў разбураны і прыйшоў у заняпад. Грэка-рымскую спадчыну занесла зямлёй і на яе проста забыліся, пакуль не раскапалі ажно ў ХХ стагоддзі.

Цяпер акультураныя і дагледжаныя руіны, абнесеныя па перыметры плотам, няўлоўна нагадваюць вялікую-вялікую дзіцячую пляцоўку, дзе замест арэляў – уломкі калонаў, а замест пясочніц – падмуркі антычных гандэлкаў.

Іншым разам тут можна нават пабачыць падлеткаў з футбольным мячом. Але не варта судзіць іх сурова. Гэта для нас Афіны – турыстычны аб’ект, які дае нагоду згадаць курс школьнай гісторыі і далучыцца да вечнага. А для афінскіх падлеткаў іх горад – найперш навакольнае асяроддзе.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя