Сабор з багаслужбай раз на год



Самы галоўны праваслаўны храм Украіны мае некалькі афіцыйных назоваў: “Сабор святой Сафіі”, “Нацыянальны запаведнік Сафія Кіеўская” ці “Сафійскі сабор”. Але ж кіеўляне звычайна называюць гэтую царкву проста – “Сафія”.

Паводле летапісаў, Сафія Кіеўская была збудавана ў першай палове ХІ стагоддзя Яраславам Мудрым на знак перамогі над печанегамі. Але ж ад летапісных часоў у Сафійскім саборы амаль нічога не засталося; на пачатку XVIII ст. царква была грунтоўна перабудаваная паводле канонаў украінскага барока. У тыя ж часы побач з саборам з’явіліся званіца, трапезная, бурса, Дом мітрапаліта, а таксама іншыя будыны, большая частка якіх захавалася да нашых часоў.

У 1929 годзе Сафійскі сабор быў зачынены. Тагачасныя ўлады доўга не ведалі, як выкарыстаць гістарычны помнік. Гучалі прапановы нават пра знос святыні. Але ж здаровы глузд перамог: у 1934 годзе з храма зрабілі музей – Сафійскі запаведнік.

У 1990 годзе Сафійскі Сабор стаў адным з першых украінскіх помнікаў, унесеных у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА, што адразу стварыла пэўныя праблемы. Паводле правіл ЮНЭСКА, падобныя аб’екты забаронена перадаваць рэлігійным арганізацыям, а таксама праводзіць у іх багаслужбу. Пасля доўгіх перамоў кампраміс быў знойдзены: багаслужба ў Сафіі можа здзяйсняцца толькі адзін раз на год – у Дзень Незалежнасці Украіны 24 жніўня.

У гэтай багаслужбе традыцыйна бяруць удзел святары ўсіх хрысціянскіх канфесій, акрамя Расейскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату, што даволі паказальна характарызуе стаўленне РПЦ МП да ідэі ўкраінскай незалежнасці.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара