Сахара, як яна ёсць



Першыя асацыяцыі, якія ўзнікаюць пры словах “пустэльня Сахара” – напэўна, міражы. Другая асацыяцыя – смерць ад смагі.

Міраж у Сахары мне пашчасціла пабачыць на ўласныя вочы. За лабавым шклом джыпа, у якім я ехаў, знянацку праявілася дзіўная карціна: вялізнае возера з нейкімі прыгожымі птушкамі. Араб-кіроўца спыніўся, я выцягнуў фатаапарат… Але здымка не атрымалася: тэхніка не фіксуе аптычных ілюзій.

Што тычыцца смагі, то ў Сахары яна сапраўды бязлітасная. Двухлітровага балона вады стае хвілінаў на сорак. Калі вада канчаецца, адчуваеш сябе пустой кансэроўкай, пастаўленай у распаленую печ.

Шмат вялікіх армій бясследна сканала ў Сахары: пяцідзесяцітысячнае войска персідскага караля Камбіса ІІ, рымскія легіянеры, атрады вандалаў… Падчас Другой сусветнай вайны Сахара забрала шмат жыццяў і саюзнікаў, і гітлераўцаў. Парэшткі амуніцыі і ўзбраення “афрыканскага корпуса” генерала Ромеля і пагэтуль можна адшукаць у пустэльні.

Кажуць, што акторы фільма “Зорныя войны”, які здымаўся ў сахарскае пустэльні, патрабавалі ў рэжысёра Джорджа Лукаса дадатковых медычных страховак на выпадак якіх форс-мажораў.

Але ў Сахара спрадвеку населеная людзьмі. Карэннае насельніцтва – берберы, яны ж туарэгі, яны ж трагладзіты, — жылі тут яшчэ з часоў Ганібала і даволі паспяхова ваявалі і з Карфагенам, і з Рымам.

Цяперашнія берберы – лагодны, сціплы і неверагодна гасцінны народ. А старыя берберкі няўлоўна нагадваюць нашых беларускіх вясковых старэч – і тварамі, і нават вышыванкамі.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларуская Радыё Рацыя

Фота:

  1. У пустэльні Сахара і цяпер можна напаткаць парэшткі амуніцыі “афрыканскага корпуса” генерала Ромеля;
  2. Міраж у пустэльні не фіксуецца фотаапаратам;
  3. Уначы на паверхню выпаўзае процьма змяюкаў;
  4. Верблюд у Сахары куды лепш за джып!
  5. Тут здымалася адна з серый “Зорных войнаў” Джорджа Лукаса. Закінутыя кінематаграфічныя дэкарацыі;
  6. Камяністая Сахара;
  7. Берберыйская старэча з племені нефуса ў нацыянальным строі;
    • Інтэр’еры падземнага жытла сахарскіх бербераў;