Сэлфі з муміяй дыктатара



Фараоны правілі Егіптам каля трох тысяч гадоў. Сярод іх былі героі і баязліўцы, невукі і эстэты, здольныя адміністратары і пачварныя няздары. Але ўсе яны мелі неабмежаваную ўладу над краінай: каралі і даравалі, абвяшчалі войны, і душылі паўстанні, прыдумлялі законы, і самі ж тыя законы абыходзілі.

Як і мае быць, дыктатары неверагодна дбалі пра ўласны імідж: велічныя статуі фараонаў узывашаліся паўсюль, дзе іх толькі маглі пабачыць падданыя. Уладары Верхняга і Ніжняга Егіпта свята верылі, што і пасля смерці іх будуць любіць і баяцца; трупы фараонаў трыбушылі, муміфікавалі і неадкладна далучалі да багоў. А выхвальныя справаздачы іх праўлення, выбітыя ў камяні, выстаўлялі ў публічных месцах.

…Цяпер муміі старажытнаегіпецкіх дыктатараў, якія лічылі сябе Уладарамі Сусвету, ляжаць пад шклом у Каірскім гістарычным музеі. Яны не ўспрымаюцца як парэшткі людзей, якім пакланяліся як жывым багам і якія маглі вырашаць лёсы дзясяткаў тысяч падданых. Звычайныя музейныя экспанаты з інвентарнымі нумарамі. Нашчадкі фараонскіх падданых глядзяць на дыктатарскія муміі без усялякай павагі. А егіпецкія школьнікі робяць на фоне тых трупаў сэлфі, каб вывесіць іх у Instagram.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара