Сельскі Галівуд



Так называюць у народзе дзіцячую аматарскую кінастудыю “Мальва”, што знаходзіцца ва ўкраінскім сяле Лягедзіна, што на Чаркашчыне. Два школьныя настаўнікі Мікалай Кулік  і Уладзіслаў Чабанюк больш за 20 год таму  стварылі ў роднай вёсцы кінастудыю і парушылі звычайны  ўклад жыцця вяскоўцаў. Зараз усё сяло здымаецца ў іх фільмах і нават прыязджаюць замежнікі. Усяго дзіцячая кінастудыя зняла больш за 30 фільмаў і паказала іх у 14 краінах свету.

Па словах  Мікалая Куліка,  фінансавага дырэктара і рэжысёра відэамантажу, за час існавання кінастудыі “Мальва” іх фільмы былі чатырнаццаць разоў пераможцамі ўсеўкраінскіх кінафестываляў, а дзеці атрымлівалі ўзнагароды за лепшую мужчынскую ролю.

– Стварылі гэтую студыю ў 1993 годзе. І ідэя была такая, каб дзеці самі маглі здымаць фільмы, самі маглі паглядзець праз камеру на свет. Бо чалавек, які паглядзеў на свет праз камеру, пачынае ўспрымаць яго зусім па-іншаму. І яны ідэнтыфікуюць сябе як сапраўдныя ўкраінцы, бо знаёмяцца з гісторыяй, шыюць адзенне. Яны становяцца не проста ўкраінцамі, а Украінцамі з вялікай літары.

Акрамя дзіцячай кінастудыі “Мальва”, у Лягедзіне ёсць і іншыя цікавосткі. Там знаходзіцца Дзяржаўны гісторыка-культурны запаведнік “Трыпольская культура”.  Бо побач  з Лягедзіна існавала самае вялікае ў свеце  пасяленне Трыпольскай культуры, пасяленне IV стагоддзя да нашай эры. Сяло Лягедзіна вядомае яшчэ і тым, што там у жніўні 1941 года сустракаліся Гітлер і Мусаліні і прымалі імправізаваны парад.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі