Скропіас – грэцкая выспа расейскага алігарха



У свеце не так багата прыватных выспаў. Большасць з іх знаходзіцца паблізу ўзбярэжжа Шатландыі, Філіпінаў, ЗША і на Карыбах. Ёсць такая выспа і на постсавецкай прасторы – “Новая Галандыя”, што ў Санкт-Пецярбургу, якая належыць Раману Абрамовічу.

Грэцкая выспа Скропіас, што ў Іанічным моры, ці не самая дарагая марская нерухомасць у свеце.

Скропіас стаў прыватным яшчэ ў 1962 годзе, калі яго выкупіў у грэцкага ўрада міліярдэр Арыстоцель Анасіс. На гэтай выспе Анасіс бавіў час са шматлікімі каханкамі: ад опернай зоркі Марыі Калас да Жаклін Кенэдзі – удавы амерыканскага прэзідэнта Джона Фіцджэральда. Менавіта на Скорпіасе ён і адсвяткаваў з ёй вяселле ў 1968 годзе.

У 2013 годзе выспу выкупіў расейскі алігарх Рыбалоўеў, на той час фактычны ўладальнік “Уралкалія”. Рыбалоўеў, якога праз суды тэрарызавала былая жонка Алена, абачліва аформіў Скорпіас на маленькую дачку. Аднак і гэтая выспа, і былы маёнтак Дональда Трампа, які Рыбалоўеў купіў крыху раней за Скорпіас, па-ранейшаму знаходзяцца ў полі зроку адвакатаў Алены Рыбалоўевай.

Вядома ж, патрапіць на выспу шэраговаму турысту немагчыма, а вось агледзіць Скорпіас з боку мора закон не забараняе.

Выспа невялікая – усяго каля кіламетра ў даўжыню. Вечна зялёныя шаты дрэваў не дазваляюць разгледзіць ані верталётную пляцоўку, ані маўзалей рода Анасісаў, ані палац расейскага алігарха, што стаіць усярэдзіне выспы. Дах дома для прыслугі, акуратные сцежачкі, шыкоўная яхта ды яшчэ закінуты прычал – гэта ўсё, што можна пабачыць звонку.

Скорпіас абышоўся расейскаму алігарху ў 126 мільёнаў даляраў. Калі супастаўляеш гэтую лічбу з бардаком, няшчымніцай і эпідэміяй СНІДу, што пануюць на Урале – радзіме Рыбалоўева, – міжволі задаешся пытаннямі пра сучасныя норавы расейскай эліты.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара