Сноўскі палац: Радзівілы і Рдултоўскія, Банапарт і КДБ



Яго называюць малодшым братам Нясьвіжа, адзін з сама шыкоўных палацаў нашай мінуўшчыны сапраўды знаходзіцца ўсяго ў трыццаці кіламетрах ад старадаўняга культурнага цэнтра. Сядзіба, якая паўстала ў мястэчку Сноў адна з сама адметных і незвычайных на тэрыторыі Беларусі.

Назва паселішча паходзіць ад аднайменнай ракі Сноў альбо Сноўка. Некаторыя тапанімісты залічаюць гэтую назву ў лік гідронімаў іранамоўнага паходжання, выводзячы яго з старажытнаіндыйскага дзеяслова “снаўці” – “цячы”, “тачыцца”. Адсюль праўдападобна выйшаў і дзеяслоў беларускай мовы “сноўдаць”.

Cноў некалі належаў магнатам Радзівілам, ад іх перайшоў да Гарабурдаў. А ў 1639 годзе сноўскі ключ за 13 600 коп грошаў набыў Ян Геранім Рдултоўскі. Сноўскі палац забудоўваўся ў той час, калі мястэчкам ужо валодаў гэты род з цяжкавымаўляльным прозвішчам. Яну Рдултоўскаму ўдалося сканцэнтраваць у сваіх руках вялікую колькасць зямельных уладанняў. Ягоны сын Антон пачаў будаўніцтва вялікага палацу, а ўжо яго нашчадак Ян Крыштап завяршыў справу. Тады ў 1785-ым годзе тут спыняўся кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Пра той побыт у Сноўскім палацы засталіся ўспаміны.

Сноўскі палац вылучаецца сваімі вялізнымі памерамі, цалком яго можна пабачыць і добра разгледзець толькі з самалёту, даўжыня будынку складае ажно 140 метраў. У свой час тут было ажно 100 пакояў. Цэнтральная частка палаца двухпавярховая, а бакавыя крылы аднапавярховыя. На першым паверсе цэнтральнай часткі палаца былі залі, гасцявыя пакоі, кабінеты. У залях меліся нішы, дзе стаялі цудоўныя мармуровыя скульптуры, прывезеныя з Еўропы. Раскошай паводле сведчанняў сучаснікаў  вылучалася толькі парадная заля, усе астатнія пакоі былі дэкараваныя досыць сціпла, але густоўна. Вакол палаца быў закладзены цудоўны парк з штучнымі вадаспадамі, міні-азёрамі, патаемнымі закуткамі і прыгожымі клумбамі.

У вайну 1812 году ў лістападзе тут адбыўся бой французскай дывізіі Яраслава Дамброўскага з расейскімі казакамі. Тады маёнткам тут валодаў Казімір Рдултоўскі, выпускнік Оксфарду, які быў жанаты на дачцэ свайго бацькі ад другога шлюбу, фактычна сваёй сястры. Гэтаму Рдултоўскаму давялося заплаціць вялізныя грошы Ватыкану за дазвол на такую жаніцьбу, якая сталася ўрэшце шчаслівай. Казімір прымаў у сваім шыкоўным палацы Гераніма, брата імператара Напалеона Банапарта. Слава Сноўскага палацу на той час ужо перасягнула межы Наваградскага ваяводства.

Два сыны Казіміра былі вельмі рознымі: старэйшы Канстанцін скончыў навучанне ў Вільні і Сарбоне, сябраваў з Міцкевічам, перакладаў яго. Іншы – Яўстах быў гуляка і карцёжнік, растраціў значную частку маёнтку.

У 1854 годзе Сноў перайшоў да барона Густава Гартынга, галяндца з паходжання, бацька якога быў на службе ў расейскім войску. Густаў вылучаўся лаяльнасцю да спадчыны ВКЛ, ягоныя дзеці лічылі гэтую зямлю сваёй Радзімай.

У 20-я гады Гартынгі з-за цяжкага фінансавага стану з апошніх сродкаў зрабілі рамонт і прадалі палац польскаму ўраду. Яго прыстасавалі пад канцылярыю і жыллё афіцэраў. Таксама ў частцы палаца было размешчана казіно для вайскоўцаў. Калі прыйшлі бальшавікі, апошніх Гартынгаў расстралялі.

У наш час вялізны палац перайшоў на баланс КДБ. Зараз тут створаны санаторый для дзяржаўных супрацоўнікаў. Тэрыторыя палацу зачынена і трапіць туды нельга.

У цэнтры мястэчка можна пабачыць касцёл, а ў наваколлі пры выездзе з Снову – праваслаўную царкву.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара