Сопат — курорт з музычным фэстам



Падарожжа ў Сопат, горад у якім ў савецкі час праходзіў вялізны песенны фестываль, адбылося ў нас напачатку жніўня.

Даязджаць да гэтага польскага курорта нам прыйшлося з Гдыні. Квіток для дарослых каштаваў каля 4 злотых, а для маленькіх дзетак быў адмысловы квіточак за нуль злотых.

Сопат – былая рыбацкая вёсачка, а цяпер гарадок велічынёй з беларускі Ваўкавыск мае шмат цікавых месцаў.

Асноўным месцам гуляння па Сопаце з’яўляецца вуліца для пешых. Мы, падарожнікі, што выйшлі на сучасным чыгуначным вакзале Сопата запыталіся як яе знайсці – нам адказалі так: «Ідзіце проста, а калі ўбачыце натоўп людзей паміж касцёлам і МакДональдсам – вам туды».

Сапраўды бясконцы натоўп людзей па горадзе і гэта вуліца нагадвае мурашнік і мяшанку моваў. На ёй вялікая колькасць кавярняў і пабаў, кебабных і рэстаранчыкаў з рознымі прысмакамі. Побач з намі ў адным з бараў сядзела вялікая група маладзёнаў, якія адмыслова прыехалі ў Труймяста з Ірландыі і завіталі ў Сопат.

Чым уражвае Сопат? Простым і можна сказаць сяброўскім падыходам у кавярнях і зусім рознымі тыпажамі на вуліцах. Крывы дамок, які з’яўляецца адной са славутасцяў горада амаль зарос дрэвамі і стварыў уражанне зусім маленькага доміку. Каб не нейкая рэкламная акцыя – дык мы магчыма яго нават і не заўважалі.

Даўгі, амаль паўкіламетровы пірс, ствараў уражанне закінутасці і плаціць за тое, каб на яго патрапіць па 20 злотых у нас не было асаблівага жадання. І мы пайшлі на мора. Праход на мора, дзякуй Богу, пакуль бясплатны.

Што яшчэ можна пабачыць у Сопаце? Вельмі ўражваюць вялікія і разнастайныя фантаны, з цёплай вадою, у якіх купаюцца дзеткі і ніхто з бацькоў на іх не крычыць,

Плошча ў цэнтры горада была застаўлена намётамі, якія запрашалі пакаштаваць розныя прысмакі і нацыянальныя стравы.

Гуляць па горадзе можна доўга і пабачыць таксама можна шмат чаго. Прагнаў з гораду нас моцны дождж, і мы хуценька забеглі на пошту, каб адправіць дадому паштоўку. Гэта паштоўка ўжо дагнала нас, калі мы прыехалі назад у Гародню.

Адпачынак наш у Труймесце цягнуўся амаль 10 дзён, і мы былі апроч Сопату, яшчэ і ў і Гданьску – так што чакайце працяг аповеду.

Андрэй Мялешка, Сопат, Беларускае Радыё Рацыя